RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Чавусах адкрылі Ратушны сквер

У Чавусах на днях афіцыйна адкрылі Ратушны сквер. Раней у гэтага сквера нават не было назвы. Пастаяннымі яго наведвальнікамі былі кампаніі аматараў асацыяльнага ладу жыцця. А зараз гэта новае прываблівае месца адпачынку для маладых сем’яў з дзецьмі.

Работы па добраўпарадкаванні і абсталяванні Ратушнага сквера ў райцэнтры правялі ў межах праекта «КАМГАР» – камунікацыя і кіраванне для ўключэння грамадскасці ва ўпраўленне гарадской гаспадаркай – пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза і актыўным удзеле раённай выканаўчай улады і розных мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый.

Калісьці на месцы абноўленага сквера ў Чавусах стаяла першая гарадская ратуша. Цяпер тут зноў красуецца будынак мясцовага самакіравання – у паменшаным варыянце. Вядома, гэта нельга назваць копіяй гістарычнай ратушы, бо ніякіх дакументаў, з якіх можна было б даведацца, як яна выглядала ў дакладнасці, проста не захавалася. Затое архітэктурнае збудаванне будзе нагадваць жыхарам Чавус пра іх слаўную гісторыю.

Пасля ўладкавання сквера ад наведвальнікаў няма адбою. «Цяпер у Ратушным скверы з’явілася скейтпляцоўка, каб прывабіць падлеткаў, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі – некалькі модуляў. Ёсць яшчэ адна пляцоўка, якую мы ўмоўна называем зялёным класам. Ёсць зона больш ціхага адпачынку, комплекс для заняткаў спортам. Гэта прываблівае моладзь», – гаворыць эксперт праекта «КАМГАР» па горадзе Чавусы Андрэй Пахоменка.

Акрамя абноўленага сквера, у выніку праекта «КАМГАР» у Чавусах запрацаваў і зялёны інфармацыйны цэнтр. Ён размясціўся ў мясцовай бібліятэцы. Туды закупілі новую мэблю, аргтэхніку. Тэматычныя сустрэчы арганізавалі для самых розных груп насельніцтва: ад школьнікаў да пенсіянераў. «Напрыклад, абмяркоўвалі гарадскія агароды: як ва ўмовах горада вырасціць добрую смачную і экалагічна чыстую прадукцыю, як не павысіць нагрузку пры гэтым на камунальныя службы за кошт лішку адходаў. Абмяркоўвалі сістэмы кампаставання, вермікампаставання. Нават раздавалі каліфарнійскіх чарвякоў для таго, каб людзі ў сваіх гаспадарках выкарыстоўвалі і такія хітрыя спосабы абыходжання з адходамі», – расказаў эксперт.

Для больш эфектыўнага функцыянавання зялёнага інфармацыйнага цэнтра стварылі спецыяльную інтэрактыўную карту пад назвай «Агульны горад». Гэта карта Чавус, дзе адзначаны зялёныя зоны горада, месцы паасобнага збору адходаў, ёсць асобная ўкладка для рэгістрацыі месцаў вырастання інвазіўных відаў раслін. Яшчэ адна ўкладка звязана з роварнай інфраструктурай. «Карта даступная ў сетцы Інтэрнэт, і практычна любы карыстальнік смартфона можа дастаткова хутка нанесці свой пункт на гэтую карту, такім чынам палепшыўшы інфармаванне людзей аб тэрыторыі свайго горада, праблемах і іх рашэннях. З’яўленне зялёнай карты паволі набліжае Чавусы да паняцця «разумны горад». Вядома, гэта першыя крокі, але з іх пачынаецца сур’ёзная вялікая праца», – лічыць Андрэй Пахоменка.

ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая