RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У гэтую суботу Хоцімск прыме абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023»

У суботу, 7 кастрычніка, у Хоцімску пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».

Мерапрыемствы стартуюць у 10.45 з ускладання кветак да Брацкай магілы ў скверы па вул. Кірава. Затым, прытрымліваючыся народных традыцый, пройдзе Падзячны малебен аб паспяховым заканчэнні збору ўраджаю ў Свята-Троіцкім саборы Хоцімска.

Адкрыццё пасля рэканструкцыі раённага Цэнтра культуры «Мір» і памятнага знака «Дажынкі-2023» пачнецца ў 11.30.

У 13.00 у раённым Цэнтры культуры «Мір» пачнецца ўзнагароджанне пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2023 годзе. Працягне цырымонію святочны канцэрт «Слава людзям, што працуюць на зямлі!».

На адкрытай сцэнічнай пляцоўцы (пл. Леніна) з 16.30 да 18.30 пройдзе канцэртная праграма «І хлебам вiтаем, i песняй». Творчыя калектывы раёнаў прадставяць праграму дажыначнай тэматыкі, каляндарна-асенняга цыкла на беларускай мове. Працягне канцэрт праграма калектываў і выканаўцаў Магілёўскай абласной філармоніі, артыстаў Магілёўскай вобласці, запрошаных артыстаў «Святочнае, адвечнае, любімае» да 20.00.

З 10.00 на працягу ўсяго святочнага дня будуць працаваць тэматычныя выставы, а таксама выставы-кірмашы «Багач Магілёўшчыны». На пляцоўках раёнаў і гарадоў вобласці можна будзе азнаёміцца з поспехамі і дасягненнямі сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў і арганізацый, выставамі майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і іншым творчым патэнцыялам раёнаў Прыдняпроўскага краю.

Відовішчнымі і яркімі абяцаюць быць абласныя конкурсы «Дажыначны сноп», «Дажынкавы вянок», «Лепшы дажынкавы падворак», конкурс гульнявых пляцовак беларускіх народных гульняў і забаў.

Не менш яркай на свяце стане пляцоўка «Традыцыйная кухня Падняпроўя», дзе будуць праводзіцца выраб і дэгустацыя дранікаў па розных рэцэптах, якія ўнесены як элемент нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Фінальным акордам урачыстасці стане святочны феерверк.

Праграма фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2023» 

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая