RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Год малой радзімы моладзь Магілёўскай вобласці добраўпарадкавала 20 крыніц

У Год малой радзімы моладзь Магілёўскай вобласці добраўпарадкавала 20 крыніц, паведаміла другі сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ганна Дашкевіч падчас Каляднай сустрэчы «Мары збываюцца», якая праходзіць сёння ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску.

«У 2018 годзе ў нас зарадзіўся праект «Добрыя справы– табе, мая малая радзіма!» Нашы актывісты добраўпарадкоўваюць знакавыя і сацыяльна значныя месцы па ўсёй Магілёўскай вобласці. Асаблівую ўвагу хлопцы і дзяўчаты надаюць крыніцам, – сказала Ганна Дашкевіч. – Валанцёры Магілёўскай вобласці добраўпарадкавалі больш за 20 крыніц: стварылі месцы адпачынку, акультурылі тэрыторыю вакол крыніц з вызначэннем санітарнага стану, забеспячэннем магчымасці зручнага падыходу і пад’езду, набору вады, а таксама пазначэннем іх гістарычнай, культурнай і грамадскай значнасці ў рэгіёне і вобласці».

Як дадала вучаніца сярэдняй школы №31 Магілёва Аляксандра Казлоўская, яна разам з сябрамі прымае актыўны ўдзел у праектах па навядзенні парадку на роднай зямлі. «Гэта вельмі займальна і цікава рабіць нешта для сваёй малой радзімы, гэта ідзе ад чыстага сэрца. Вельмі выдатна, што наша малая радзіма квітнее і ўсіх нас аб’ядноўвае адна агульная справа», – адзначыла яна.

Усяго ў Год малой радзімы тэрытарыяльнымі камітэтамі БРСМ праведзена больш за 4 тыс. тэматычных рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. У іх ліку запуск у Інтэрнэце чэленджа добрых спраў, квэста «Родныя мясціны», серыі апытанняў. Сярод найбольш буйных мерапрыемстваў можна вылучыць рэспубліканскія праекты: «Беларусь – крыніца натхнення», «Моладзь – за ўраджай!», «Уладар сяла», «Аднаўленне святынь Беларусі», «#ЗаДело!» і многія іншыя.

Так, накіраваны на рэалізацыю моладзевых грамадска значных ініцыятыў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі рэспубліканскі моладзевы праект «Беларусь – крыніца натхнення» акумуляваў шэраг падпраектаў. Напрыклад, у конкурсе сачыненняў, эсэ, вершаў «Мая Беларусь. Мая будучыня», арганізаваным у межах аднайменнай маладзёжнай эстафеты творчасці, прыняло ўдзел каля 4,5 тыс. аўтарскіх творчых работ актывістаў БРПА і БРСМ школьнага ўзросту, рэспубліканскі праект «Дзень вышыванкі», сімвалам якога стаў нацыянальны беларускі арнамент, аб’яднаў у мінулым годзе па ўсёй краіне дзясяткі тысяч людзей рознага ўзросту. Падчас рэспубліканскага праекта «Моладзь – за ўраджай!» на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый працавала 627 моладзевых экіпажаў камбайнераў, на адвозе збожжа – 439 маладых кіроўцаў.

Больш за 2,5 тыс. мерапрыемстваў з верасня мінулага года адбылося падчас агульнарэспубліканскага моладзевага праекта «#ЗаДело!». Праект будзе працягвацца да 2020 года. Мэта ініцыятывы – шырокае ўцягванне кожнага маладога чалавека ў добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на сваёй малой радзіме: у горадзе, раёне, аграгарадку, пасёлку, на сваёй вуліцы, у двары, стварэнне адкрытых крэатыўных прастор сіламі моладзі ў Мінску і рэгіёнах Беларусі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая