RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці 12 экіпажаў камбайнераў намалацілі па 1 тыс. т і больш збожжа

У Магілёўскай вобласці 12 экіпажаў камбайнераў намалацілі па 1 тыс. т і больш збожжа новага ўраджаю. Больш за ўсё перадавікоў вытворчасці ў Магілёўскім і Кіраўскім раёнах, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама.

Як вядома, сёлета Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даў старт рэспубліканскаму праекту «Моладзь – за ўраджай!», які накіраваны на папулярызацыю сялянскай працы і аграрных прафесій. У іх падтрымку ў рэгіёне арганізавана саперніцтва сярод моладзевых уборачных экіпажаў і маладых кіроўцаў, занятых на адвозцы збожжа пры ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. У гэтым годзе ў рэгіёне працуе больш за 200 маладых экіпажаў і кіроўцаў. Першым у вобласці адкрыў лік працоўных перамог на хлебнай ніве моладзевы экіпаж ЗАТ «Агракамбінат “Зара”». Старшы камбайнер Дзмітрый Анісімаў разам са сваім памочнікам Паўлам Меншаковым першымі намалацілі больш за 1 тыс. т збожжа. Звыш 1 тыс. т перавёз кіроўца гэтай жа гаспадаркі Міхаіл Цалабёнак.

Паўсюдна перадавікоў вытворчасці ўшаноўваюць прадстаўнікі прафсаюзаў, гаспадарак, мясцовай улады і грамадскіх арганізацый. У цэнтры ўвагі не толькі камбайнеры, але і тыя, хто задзейнічаны на адвозцы збожжа, працуе на зернетаках, сушыльных комплексах. Пад кантролем знаходзіцца і арганізацыя харчавання ўсіх, хто задзейнічаны ва ўборачнай.

У цэлым у вобласці ўбрана больш за 29% плошчаў, што складае каля 90 тыс. га. Намалочана каля 235 тыс. т збожжавых і зернебабовых культур. Паводле звестак на 29 ліпеня, сярэдняя ўраджайнасць па рэгіёне складае 26 ц/га. Па агульным намалоце лідзіруе Кіраўскі раён, дзе сабрана больш за 25 тыс. т, а таксама Магілёўскі (24,5 тыс. т) і Шклоўскі (22,9 тыс. т) раёны. Па ўраджайнасці ў лідарах Шклоўскі (37 ц/га), Горацкі, Круглянскі і Магілёўскі раёны (па 30 ц/га).

Пры спрыяльных пагодных умовах у рэгіёне штодня прыбіраюць да 5-6% плошчаў. Плануецца намалаціць каля 1 млн т збожжа, а разам з кукурузай – 1 млн. 150 тыс. т. Разлікі паказваюць, што гэта рэальна. На жніве задзейнічана звыш 5 тыс. аграрыяў і каля 1,2 тыс. камбайнаў. «У вобласці ёсць усе магчымасці, тэхніка, сушыльная гаспадарка, працавітыя людзі, каб своечасова і без страт сабраць вырашчаны ўраджай і паспяхова справіцца з пастаўленымі перад хлебаробамі рэгіёна задачамі», – адзначылі суразмоўцы.

Адна з галоўных задач у раслінаводстве – не толькі атрымаць высокі ўраджай, але як мага лепш і даўжэй яго захаваць, падкрэслілі ў камітэце. Асабліва гэта тычыцца насеннага матэрыялу. Таму ў ліку прыярытэтаў – якасная падрыхтоўка складскіх памяшканняў, якіх у Магілёўскай вобласці налічваецца 990, з іх 441 – насеннае.

Аграрыі рэгіёна працягваюць здаваць ураджай ў лік дзяржзаказу. Так, рапсу ўжо адпраўлена 50% ад запланаванага аб’ёму, здадзена 25% збожжа, пры гэтым жыта адпраўлена 22,6%, пшаніцы – 32,4%, ячменю – 5,7%.

Што тычыцца кармоў, то ў асноўным цяпер рыхтуецца сянаж, сілас з травы, сена. Ужо нарыхтавана 11,7 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, гэта на 0,5 ц вышэй за ўзровень мінулага года, арыенцір – 32 ц кармавых адзінак. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні ўдакладнілі, што асноўная маса кармоў павялічыцца за кошт кукурузы на сілас.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая