RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці аграрыі ў адказ на непагадзь перабудоўваюць лагістыку палявых работ

Усе сілы мабілізаваны

На раніцу панядзелка ў Магілёўскай вобласці ўбралі дзесяць працэнтаў збожжавых – тэмпы жніва стрымліваюць дажджы. Але для механізатараў гэта не падстава расслабляцца: ва ўмовах кароткага часу трэба якасна не толькі сабраць гэты ўраджай, але і падрыхтаваць аснову для наступнага.

СКАЗАНА

– Галоўныя патрабаванні на маючы адбыцца ўборачны перыяд – якасць і тэмпы. Дысцыпліна, адказнасць павінны быць на самым высокім узроўні.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі, 26 ліпеня 2022 года.

Трое братоў Гаравіковых працуюць рука аб руку на ўборцы ў ААТ «Аграфірма “Слаўгарадскі”». І хоць старэйшы Сяргей яшчэ дзесяць гадоў таму ўладкаваўся ў лясгас, на час уборачнай ён бярэ адпачынак і перасаджваецца на камбайн:

– Гэта маё трыццатае жніво. У памочніках брат Аляксандр, а на суседнім камбайне малодшы Мікалай. Наш экіпаж не раз станавіўся перадавым, і зараз ужо пад 400 тон у бункеры. На гэтым полі азімае трыцікале, потым пяройдзем на жыта.

Дырэктар ААТ «Аграфірма “Слаўгарадскі”» Дзмітрый Ласіцкі расказаў, што ўраджайнасць па азімых збожжавых чакаецца каля 30 цэнтнераў з гектара.

Асноўную стаўку гаспадарка, як і ў цэлым раён, робіць на кукурузу – на яе адведзена 2700 гектараў. Такую стратэгію вызначыў інвестар – Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. ЗАТ «БНБК», у адпаведнасці з указам Прэзідэнта, рэалізуе маштабны інвестпраект па арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла.

У Глускім раёне ў давернае кіраванне на тры гады карпарацыі перададзены акцыі ўсіх шасці гаспадарак. Яшчэ ў перыяд пасяўной інвестар забяспечыў аграрыяў угнаеннямі, сродкамі абароны, насеннем, новымі сеялкамі, апырсквальнікамі, камбікармамі. Гэта адбілася не толькі на вытворчых паказчыках, але і кадрах, адзначае Дзмітрый Ласіцкі:

– Фінансавыя ўліванні ўжо далі новы імпульс гаспадарцы. Але галоўным эфектам інвестыцый я б назваў адносіны людзей да працы: усе рыхтаваліся да ўборкі адказна, не лічачыся з рабочым графікам. Акрамя таго, многія сталі вяртацца ў гаспадарку.

За кароткі тэрмін у «Аграфірме “Слаўгарадскі”» сярэднесутачныя прыбаўленні буйной рагатай жывёлы выраслі з 300 да 800 грамаў, што дало магчымасць значна падняць зарплату. Разам са жнівом не збаўляе тэмпаў корманарыхтоўка. Калі летась тут усяго нарыхтавалі каля 200 тон сенажу, то сёння ўжо больш за тысячу. На вызваленых палях ідзе падрыхтоўка да сяўбы азімых. Усе сілы мабілізаваны і размеркаваны рацыянальна. Хлебаробы настроены на вынік.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая