RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці больш за 60% вырабленай прадукцыі рэалізуецца на экспарт

У Магілёўскай вобласці больш за 60% вырабленай прадукцыі рэалізуецца на экспарт. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар сёння на пасяджэнні, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за першае паўгоддзе 2019 года.

Тэмп росту экспарту ў студзені-чэрвені склаў 105,5% пры заданні 103,7%. Адзначаецца істотнае павелічэнне паставак па такіх пазіцыях, як чыгуначныя вагоны, сыры і тварог, хатняя птушка. Аднак, нягледзячы на выкананне вобласцю задання па экспарце тавараў, для краіны ў цэлым гэтага недастаткова, падкрэсліў Руслан Страхар. Стаіць задача задзейнічаць усе рэсурсы для дасягнення яшчэ большага выніку.

В свою очередь, комментируя ситуацию, председатель МогилевскУ сваю чаргу, каментуючы сітуацыю, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц заўважыў, што расійскі рынак па-ранейшаму застаецца асноўным для рэгіёна, а Кітай і краіны Еўрасаюза варта разглядаць як альтэрнатыўныя. Таму адным з найважнейшых напрамкаў павінен стаць пошук кансенсусу і прапрацоўка аднолькавых патрабаванняў да якасці прадукцыі ў беларускага і расійскага бакоў. «Літаральна ўчора адбылася размова з прадстаўнікамі буйных гандлёвых сетак Масквы, якія выказалі гатоўнасць падтрымаць значныя пастаўкі ў сталіцу прадукцыі «Бабушкиной крынки», – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – Аднак ім патрэбныя гарантыі: пацвярджэнне якасці тавару, кантролю за ім і пастаянная прысутнасць на паліцах. Павінна быць празрыстасць, яснасць і разуменне паміж спажыўцамі і вытворцамі».

У цэлым па выніках працы за паўгоддзе з шасці ключавых паказчыкаў у Магілёўскай вобласці забяспечаны тры. Акрамя экспарту тавараў, гэта прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, якіх у эканоміку рэгіёна ўжо паступіла $ 83 млн пры заданні $ 43 млн. Экспарт паслуг за студзень-чэрвень склаў $ 34,7 млн, або 129,9 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым сальда знешняга гандлю паслугамі склалася станоўчае – $ 12 млн. Сусветныя тэндэнцыі сведчаць, што экспарт паслуг павялічваецца хутчэй, чым вытворчасць. З улікам вострай канкурэнцыі ў рэгіёне разумеюць, што прырастаць па таварах будзе ўсё складаней. У гэтай сувязі плануецца надаць максімальную ўвагу экспарту паслуг па такіх напрамках, як медыцына, адукацыя і турызм. Сёння ў Магілёўскай вобласці дамінуючае становішча займаюць транспартныя і будаўнічыя паслугі.

Вынікі студзеня-чэрвеня выявілі недапрацоўкі ў выкананні заданняў па працаўладкаванні грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы. Не дасягнуты абагульняльны паказчык развіцця рэгіёна: тэмп росту ВРП склаў 100,3% пры заданні 102%. Адпаведна, не атрыманы патрэбны рост прадукцыйнасці працы.

Найбольшую ўдзельную вагу ў валавым рэгіянальным прадукце вобласці традыцыйна займае прамысловы комплекс. У яго працы выразна прасочваюцца пэўныя тэндэнцыі. Прырост забяспечваюць арганізацыі, якія мадэрнізуюцца або ўвялі новыя магутнасці: «Магілёўхімвалакно», «Магілёўліфтмаш», завод газетнай паперы. Стабільна працуюць «Зеніт», Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, цэментавыя вытворчасці. Апераджальныя тэмпы росту паказваюць прыватныя кампаніі. Пры гэтым недабіраюць аб’ёмы вытворчасці традыцыйныя галіны, асабліва прадпрыемствы рэспубліканскай падпарадкаванасці, якія сёння закрэдытаваны і без чарговай дзяржпадтрымкі не могуць нарошчваць аб’ёмы. Свой адмоўны ўклад уносяць прадпрыемствы, якія працуюць са стратамі, хоць іх колькасць з кожным годам памяншаецца, а сума фінансавых страт скарацілася ў тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Паводле слоў Леаніда Зайца, напярэдадні пасяджэння аблвыканкама адбылося дэталёвае абмеркаванне сітуацыі з кіраўнікамі праблемных вытворчасцяў. Атрыманы пацвярджэнні аб выкананні даведзеных паказчыкаў працы па выніках года.

Кіраўнік рэгіёна звярнуў асаблівую ўвагу на недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы. «Недабор валавай прадукцыі тлумачыцца чалавечым фактарам: нізкай выканальніцкай дысцыплінай і невыкананнем тэхнічных рэгламентаў вытворчасці, – падкрэсліў ён. – Сельскай гаспадарцы неабходна працаваць з апераджальнымі тэмпамі для максімальнай загрузкі вытворчых магутнасцей. Тыя, у сваю чаргу, павінны вырабіць прадукцыю з высокім дабаўленым коштам, выгадна прадаць яе і атрымаць прыбытак». Дарэчы, нягледзячы на адставанне ад мінулага года па аб’ёмах вытворчасці сельгаспрадукцыі, у вобласці намецілася станоўчая тэндэнцыя скарачэння адмоўнага ўкладу дадзенай секцыі ў ВРП з мінус 0,5% у першым квартале 2019 года да мінус 0,2% у першым паўгоддзі.

Няпростая сітуацыя склалася ў будаўнічым комплексе рэгіёна, канстатаваў Леанід Заяц. Падзенне тэмпаў будаўніча-мантажных работ, невыкананне задання па ўводу жылля прывялі да шэрагу кадравых рашэнняў: вызвалены ад пасад за хібы ў працы некалькі кіраўнікоў буйных будаўнічых арганізацый і намеснік Магілёўскага гарвыканкама па гэтым кірунку.

Паслядоўна ў рэгіёне праводзіцца работа па павышэнні ўзроўню аплаты працы работнікаў. «Задача па росце выручкі і зарплаты стаіць не толькі перад кіраўніком кожнага раёна, але і кожнай арганізацыі, – адзначыў Леанід Заяц. – Рашэннямі гаррайвыканкама зацверджаны комплексныя мерапрыемствы па дасягненні даведзеных параметраў. Няўхільнае іх выкананне павінна забяспечыць годны ўзровень зарплаты людзей. У аснову рашэнняў, прынятых рэгіёнамі на 2020 год, ляглі праграмы пяцігоддзя. З улікам бягучай сітуацыі відавочна, што давядзецца істотна дабавіць па ўсіх галінах».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая