RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці рыхтуюцца сустрэць пасяўную кампанію ў поўным узбраенні

Прадчуванне пасяўной

У Магілёўскай вобласці на ўсю моц рамантуюць тэхніку, закупляюць насенне і ўгнаенні – рыхтуюцца сустрэць пасяўную кампанію ў поўным узбраенні. А ў ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага Кіраўскага раёна з самалётаў перасаджваюцца на «баксёры» і задумваюцца аб кавуновых плантацыях. Галоўнае–рэнтабельнасць.

Раней у «Рассвеце» ўгнаенні і сродкі абароны ўносілі з паветра. Плюсы: выйгрыш у часе, не трэба чакаць, калі на поле зможа ўехаць тэхніка. Мінусы: вялікія выдаткі на паліва і «папраўка на вецер»– частка хімікатаў распылялася міма. Ды і самі «аннушкі» практычна выпрацавалі мотарэсурс, іх перададуць у арэнду. На змену ім прыйшоў «баксёр»–самаходны апырсквальнік, які здалёк чымсьці нагадвае самалёт. Ён выконвае тыя ж функцыі–уносіць сродкі абароны і мінеральныя ўгнаенні, а па праходнасці, як кажуць, – танкі бруду не баяцца.

– Сёння падыход да выбару сельгастэхнікі менавіта такі: колькі агрэгатаў можа замяніць новая машына і як гэта адаб’ецца на якасці палявых работ, – праводзіць экскурсію па мехдвары намеснік дырэктара Міхаіл Агафонаў. –У нас салідны парк – 60 трактароў, з іх 8 – энерганасычаных. На 90 працэнтаў выкананы іх рамонт. Тэрмін, які даведзены ўсім гаспадаркам, – да 1 сакавіка, але навошта цягнуць? Сёлета мы закупляем новую тэхніку. Напрыклад, сеялка для кукурузы: была з захопам на 8 метраў і хуткасцю 8 кіламетраў, цяпер абодва паказчыкі ў два разы вышэйшыя. А гэта тэрміны і эканомія на паліве і працоўнай сіле. Шмат закупілі тэхнікі ў мінулым годзе: МАЗы, МТЗ розных мадыфікацый, апырсквальнік.

24-гадовы механізатар Сяргей Каранкевіч сам адсюль родам, яго бацька таксама трактарыст у «Рассвеце».

– Працую тут ужо 6 гадоў, – гаворыць Сяргей. – З’язджаць не збіраюся. Працую на пагрузчыку. Заробак добры: ва ўборачную зарабляў паўтары тысячы. Чакаю пасяўной!

Аляксандр Жылінскі прапрацаваў у «Рассвеце» 20 гадоў аграномам, але, паводле яго слоў, такой цёплай зімы не бачыў. Цяпер ён першы намеснік дырэктара, курыруе раслінаводства:

– Вось зелянеюць азімыя, але ад анамальна высокіх тэмператур на парастках пайшлі хваробы, па вясне давядзецца рабіць апрацоўку. Ідэальна, каб ударылі маразы, а потым выпаў снег. Сёлета мы амаль на трэць пасеялі больш азімых. Клімат мяняецца, і нам застаецца пад яго падладжвацца. У мінулым годзе шмат яравых выгарала: гаспадарка вялікая, раллі пад 10 000 гектараў, і некаторым палям дажджоў не дасталося. Парадавалі ўраджайнасцю кукуруза і бульба, спадзяёмся і зараз на гэтыя культуры. Насенне бульбы і збожжавых уласнае, а кукурузы і буракоў – закупляем. Выбіраем селекцыю лепшую, перад гэтым правяраем навінкі на эксперыментальных участках. Да пасяўной сфарміруем рэзерв паліва тон 50–60. Арганічныя ўгнаенні ў нас з карысцю, два ў адным: у гаспадарцы працуе біягазавая ўстаноўка. Што тычыцца мінеральных, будзем закупляць пад поўную патрэбу.

Каментар:

Старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Віткоўскі:

– У вобласці на 20 працэнтаў павялічаны плошчы азімых збожжавых культур, на 14 – пашыраны пасевы крыжакветных рапсу ісурэпіцы, таму што ёсць попыт на алей, а шрот – гэта бялок для жывёлагадоўлі. Забяспечанасць насеннем яравых збожжавых і зернебабовых–105 працэнтаў, у элітавытворчых арганізацыях вобласці маецца 3000 тон элітнага насення. Вялікая праца праведзена па ачыстцы ворных зямель ад цяжкавыкараняльнага пустазелля з дапамогай гліфасатутрымлівальных гербіцыдаў. Пад яравую сяўбу патрабуецца назапасіць больш за 200 тысяч тон мінеральных угнаенняў. Вывозім арганічныя ўгнаенні. Для своечасовай падрыхтоўкі тэхнікі створана аператыўная група па тэхнічным забеспячэнні падрыхтоўкі тэхнікі з супрацоўнікаў аблсельгасхарча і «Аграмашсэрвісу», працуюць тэхнічныя сэрвісныя цэнтры гарантыйнага абслугоўвання сельгастэхнікі. Да палявых работ неабходна адрамантаваць больш за 8700 трактароў, пасяўных агрэгатаў, камбайнаў. Пасяўная–гэта вялікія выдаткі: 47,9 мільёна рублёў – такая патрэба ў грашовых сродках толькідля падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Зараз справа за тэхналогіямі, працоўнай дысцыплінай і гаспадарскім стаўленнем: бо сутнасць аграбізнесу, як і любога іншага, – спрацаваць з прыбыткам.

СБ
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая