RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці ў 2019 годзе прышчэпкамі супраць грыпу плануецца ахапіць не менш за 40% насельніцтва

У Магілёўскай вобласці ў 2019 годзе прышчэпкамі супраць грыпу плануецца ахапіць каля 418 тыс. чалавек, што складае каля 40% жыхароў рэгіёна. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела эпідэміялогіі Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Марозава.

За кошт мясцовых бюджэтаў мяркуецца вакцынаваць 19% грамадзян, за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў, арганізацый і асабістых сродкаў грамадзян – 8%. Насельніцтва рэгіёна плануецца прышчапіць на 40% і больш. У цэлым па вобласці ахоп прышчэпкамі груп рызыкі можа скласці 78,5%. У сярэднім па Магілёўшчыне дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту вакцынуюць на 60,5% і 60% адпаведна.

Наталля Марозава адзначыла, што цяпер ідзе падрыхтоўчая праца арганізацый і прадпрыемстваў да імунізацыі. Гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі прыняты рашэнні аб выдзяленні фінансавых сродкаў на закупку грыпознай вакцыны. «На працягу апошніх гадоў кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый разумеюць неабходнасць імунізацыі ўласных супрацоўнікаў, усведамляюць, што гэта эканамічна апраўдана. Заключэнне дагавораў з установамі аховы здароўя на правядзенне імунізацыі будзе завершана да 25 ліпеня», – удакладніла загадчык аддзела эпідэміялогіі. 

Ва ўстановах аховы здароўя вобласці таксама праводзіцца падрыхтоўчая праца: вядзецца пераразлік халадзільнага абсталявання, фарміруюцца прышчэпачныя брыгады для правядзення вакцынацыі, праводзіцца дадатковае навучанне. «Наперадзе яшчэ шмат работы як з арганізацыямі, так і з кожным жыхаром вобласці паасобку, – падкрэсліла Наталля Марозава. – Важна данесці да ўсіх, што прышчэпка важная, вельмі неабходная і эфектыўная».

Са слоў суразмоўніцы, цяпер ужо не падлягае сумневу, што эфектыўная барацьба з грыпам магчымая толькі шляхам масавай вакцынапрафілактыкі, якая дазволіць стварыць больш высокую імунную праслойку насельніцтва. Мінулы эпідсезон паказаў, што захворванне на ВРІ і грып сярод непрышчэпленых, якія працуюць, у 6 разоў вышэйшае, чым сярод прышчэпленых, дашкольнікаў – у 3,1, школьнікаў – у 4,5 раза. Праведзеная вакцынацыя дазволіла папярэдзіць каля 312 тыс. выпадкаў грыпу і ВРВІ, у тым ліку 38,8% выпадкаў сярод працоўнага насельніцтва. Эканамічны эфект прымянення супрацьгрыпозных вакцын у 51,4 раза перавышае выдаткі на вакцынацыю. Пры любых падліках, кошт вакцынацыі меншы за кошт лячэння ў суме з выдаткамі, якія ўзнікаюць у сувязі з нявыхадам на працу.

Лепш за ўсё прышчапляцца ад грыпу восенню: у верасні-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ, канстатавала Наталля Марозава. На працягу наступных 2-3 тыдняў сфарміруюцца антыцелы, якія забяспечваюць абарону на 6-12 месяцаў, затым разбураюцца. «У 2019 годзе для імунізацыі супраць грыпу будзе выкарыстоўвацца расійская вакцына «Грыпол плюс», французская «Ваксігрып» і вырабленая ў Нідэрландах «Інфлювак». У вобласць вакцыны паступяць у верасні-кастрычніку ў залежнасці ад вытворцы, – падкрэсліла яна. – Усе супрацьгрыпозныя лекі, якіяпрымяняюцца ў Магілёўскай вобласці,зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, маюць вопыт прымянення не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой».

Наколькі надзейная абарона выпрацуецца пасля вакцынацыі, залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ўзросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцяў і г. д.Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэена грып. Калі ўсё ж прышчэплены чалавек і захварэе, то ўсё будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.

Увядзенне ў арганізм вакцыны не можа выклікаць захворванне, але шляхам выпрацоўкі ахоўных антыцелаў стымулюе імунную сістэму для барацьбы з інфекцыяй. Акрамя таго, прышчэпка ад грыпу дазваляе атрымаць яшчэ і крыжаваны імунітэт ад іншых вострых рэспіраторных інфекцый.

Вірусы грыпу мутуюць з году ў год, таму неабходная штогадовая вакцынацыя супраць грыпу, каб прадухіліць хваробу. «Два з трох варыянтаў вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцыны у 2019 годзе – новыя, – падкрэсліла Наталля Марозава. – Гэта азначае, што ў эпідэмічным сезоне 2019-2020 года будуць цыркуляваць два невядомыя нашай імуннай сістэме вірусы грыпу. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць вакцынацыі. Мы можам з дапамогай вакцыны падрыхтаваць наш арганізм да сустрэчы з гэтымі новымі варыянтамі віруса грыпу».

Супрацьпаказанняў да вакцынацыі ад грыпу нямнога. Прышчэпку нельга рабіць пры вострых ліхаманкавых станах, у перыяд абвастрэння хранічных захворванняў, пры павышанай адчувальнасці арганізма да яечнага бялку (калі ён уваходзіць у склад вакцыны).

«Узровень разумення жыхароў расце. Магчыма, на іх меркаванне ўплывае рэчаіснасць: людзі, якія хварэлі на грып у папярэднія гады і былі лабараторна абследаваныя, адмаўляліся ад вакцынацыі, – сказала Наталля Марозава. – Паклапаціцеся пра сваё здароўе і здароўе блізкіх. Падрыхтуйцеся да сезоннага ўздыму захворвання на грып загадзя».

Характарыстыка выкарыстоўваемых вакцын:

• могуць выкарыстоўвацца для вакцынацыі дзяцей з 6-месячнага ўзросту, цяжарных і ВІЧ-інфіцыраваных асоб;

• інактываваныя вакцыны не ўтрымліваюць жывых вірусаў, а толькі часткі віруса, па якіх імунная сістэма распазнае вірус;

• ад’ювантная формула з поліаксідоніем у складзе вакцыны «Грыпол плюс» дазваляе знізіць колькасць антыгенаў у тры разы, памяншае бялковую нагрузку на арганізм, узмацняе імунны адказ у імуналагічна няспелых асоб, узмацняе хуткасць развіцця і працягласць імуннага адказу, павышае бяспеку вакцыны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая