RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці ў 2024 годзе пры ліквідацыі НС выратавалі больш за 140 чалавек

У Магілёўскай вобласці ў 2024 годзе пры ліквідацыі НС выратавалі больш за 140 чалавек. Аб гэтым расказалі на пасяджэнні калегіі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, на якім былі разгледжаны вынікі работы ратавальнікаў рэгіёну ў мінулым годзе і планы на бягучы год, паведамілі ў МНС.

Першы намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення Андрэй Гайсёнак абазначыў вынікі дзейнасці па наглядзе і прафілактыцы ў мінулым годзе. За 2024 год у вобласці адбылося 835 пажараў, што на 6% больш у параўнанні з 2023 годам (калі адбылося 788 пажараў). Пры пажарах загінулі 69 чалавек, што на 22 працэнты менш, чым у мінулым годзе (2023 год - 88 чалавек), у тым ліку двое дзяцей (у 2023 годзе гібелі дзяцей на пажарах не зарэгістравана). Пацярпелі пры пажарах 69 чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей (у 2023 годзе 80 і 14 адпаведна). Прычынай гібелі 57 чалавек, у тым ліку двух дзяцей, стала неасцярожнае абыходжанне з агнём. У нецвярозым стане загінуў 51 чалавек.

Андрэй Гайсёнак таксама спыніўся на пытаннях забеспячэння пажарнай бяспекі аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей, у тым ліку абсталявання інтэрнатаў сістэмамі пажарнай аўтаматыкі. Органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду праведзены 165 выбарачных праверак выканання суб'ектамі гаспадарання заканадаўства аб пажарнай бяспецы і маніторынгі стану пажарнай бяспекі 1786 аб'ектаў. За невыкананне супрацьпажарных патрабаванняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 671 службовая асоба і 5 юрыдычных асоб.

Намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Ісачанка расказаў аб дзейнасці аператыўна-тактычнага блока ратавальнікаў. Так, пры ліквідацыі пажараў, аварый, ДТЗ выратаваны 141 чалавек, у тым ліку 28 дзяцей, эвакуіравана 611 чалавек, у тым ліку 104 дзіцяці. Прадухілена знішчэнне агнём 344 будынкаў, 57 адзінак тэхнікі. Выратавана 171 галава жывёлы.

Начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і будаўніцтва Дзмітрый Філімончыкаў абазначыў пытанні ўдасканалення матбазы падраздзяленняў, а таксама паляпшэння жыллёва-бытавых умоў работнікаў. У 2024 годзе ў вобласці перададзены ў эксплуатацыю 49 са 149 арэндных кватэр, якія будуюцца. Завершана будаўніцтва пажарнага дэпо ў Хоцімску. Праведзены бягучыя рамонты будынкаў і памяшканняў у 22 падраздзяленнях па НС вобласці. На ўзбраенне падраздзяленняў вобласці паступілі дзве аўталесвіцы і адзін аўтамабіль медыцынскай службы.

«Самы галоўны вынік працы магілёўскіх ратавальнікаў - устойлівае забеспячэнне функцыянавання аб'ектаў эканомікі і аказанне дапамогі людзям, якія патрапілі ў бяду. У вобласці забяспечана дастаткова эфектыўная работа па выратаванні чалавечых жыццяў. Таму вынікі станоўчыя. Ёсць асобныя недахопы ў арганізацыі працы. Мы вызначыліся, у якім напрамку неабходна папрацаваць», - адзначыў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Анатоль Далгалявец.

Пасля пасяджэння калегіі прайшла цырымонія ўзнагароджання найлепшых ратавальнікаў вобласці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая