RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці ўбралі звыш сарака працэнтаў азімага ячменю

У рэгіёне прыбрана звыш 40% новай для шматлікіх гаспадарак культуры, якая дае магчымасць атрымаць першае фуражнае збожжа і абкатаць камбайны перад масавай уборкай хлеба.

Азімы ячмень на палях ААТ «Міхалеўская Ніва» Бабруйскага раёна парадаваў ураджайнасцю – пад 60 цэнтнераў з гектара, а тут, як на злосць, зарадзілі дажджы. Каб прыбраць без страт, кожная пагодлівая хвіліна на рахунку. Новую для магілёўскіх аграрыяў культуру ў «Міхалеўскай Ніве» апрацоўваюць другі год. Пачыналі з сямі гектараў, сёлета адвялі ўжо паўтары сотні, а ў наступным плануюць падвоіць плошчы. Дырэктар Алена Пацыенка пералічвае перавагі:

– Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пасевы азімага ячменю трэба пашыраць. Мы пераканаліся, што культура перспектыўная, хоць раней ёй і не займаліся. Змяненне клімату падштурхоўвае шукаць новыя падыходы, каб атрымліваць прыбытак. З азімым ячменем маем першае зерне, можам абмяняць яго на камбікорм, плюс салома на подсціл жывёлам. У нас больш за чатыры тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, штодня прадаем звыш 17 тыс. тон малака, усё гатункам экстра – і гэта нашы жывыя грошы.

Тлумачыць вяскоўцам не трэба, што мы павінны накарміць краіну. А сітуацыя з харчаваннем на сусветным рынку дазваляе яшчэ і зарабіць добра – сельгаспрадукцыя зараз у цане. Адпаведна, кожны зацікаўлены працаваць з аддачай.

Камбайнер з 20-гадовым стажам Міхаіл Ганчароў працуе на новым камбайне. Зараз ёсць магчымасць выпрабаваць тэхніку перад уборкай збожжа. Намалотамі механізатар задаволены:

– У гэты ўраджай шмат працы ўклалі: аралі, сеялі, падкармлівалі. Учора працавалі ў полі да дзесяці вечара, хочацца ўсё прыбраць да зярнятка. Ды і заробкі добрыя. На корманарыхтоўцы самыя старанныя механізатары па тры тысячы рублёў мелі, а жніво заўсёды было высокааплатным.

Студэнт Максім Слаўнікаў другое жніво запар на канікулах працуе памочнікам камбайнера. Хлопец вучыцца на другім курсе мехфака БДСГА па мэтавым накірунку, і тут у яго ёсць магчымасць заслужыць аўтарытэт у калектыве – у гэтай гаспадарцы збіраецца працаваць інжынерам пасля атрымання дыплома:

– Паваротлівасць памочніка камбайнера – гэта палова поспеху экіпажа. Нашай машыне 12 гадоў, але на мінулым жніве ні разу не падвяла, трэба проста па-гаспадарску адносіцца. Мы яшчэ пазмагаемся за лідарства з новенькімі камбайнамі. Я сябе адчуваю механікам «Формулы-1»: на хаду сачу за спраўнасцю працы механізмаў і гляджу, каб не было страт. У нас плацяць не за хуткасць, а за якасць.

Галоўны аграном Сяргей Мартынчык з прагнозамі асцярожны, але тое, што вал збожжа будзе вышэйшы за леташні, пазначае як факт, апісваючы маючы адбыцца фронт палявых работ:

– Завершым з уборкай азімага ячменю – падыдзе рапс, потым і хлеб. А тым часам рыхтуемся да сяўбы азімага рапсу, затым збожжавай групы. У гэтым годзе вобласць дапамагла з угнаеннямі і сродкамі абароны, два новыя камбайны таксама сур’ёзная дапамога, набывалі ў лізінг.

Інвестыцыі ў сельскую гаспадарку сябе акупляюць: яшчэ два гады таму працавалі са стратамі, за гэты час прыраслі амаль напалову ў аб’ёмах вытворчасці, усе пазіцыі рэнтабельныя. Упершыню сёлета пасеялі грэчку, павялічылі плошчы пад рапс, заняліся азімым ячменем. Кожны этап адпрацоўваем па строгай тэхналогіі – толькі так ад бізнесу на зямлі можна атрымаць аддачу.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая