RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці ўзмоцняць кантроль за бяспекай дзяцей на дарогах

У Магілёўскай вобласці ўзмоцняць кантроль за бяспекай дзяцей на дарогах. З 11 па 18 жніўня 2021 года па ўсёй рэспубліцы праводзіцца прафілактычная акцыя «Беражыце дзяцей!». Пра гэта паведамілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

З пачатку гэтага года ў Магілёўскай вобласці адбылося 34 ДТЗ, у якіх загінула двое дзяцей і яшчэ 40 пацярпелі. «Трагедыя, якая забрала жыццё дзіцяці, адбылася ў вёсцы Грабава Бабруйскага раёна, калі пад колы Ford Mondeo трапіў 7-гадовы хлопчык, які рухаўся на веласіпедзе ў спадарожным з аўтамабілем кірунку. Праз некалькі дзён дзіця памерла ў бальніцы. Яшчэ адна аварыя адбылася недалёка ад аграгарадка Раманавічы Магілёўскага раёна, дзе ў выніку лабавога сутыкнення Citroen Xantia і грузавой фуры MAN загінулі 4 чалавекі – кіроўца і пасажыры легкавіка, уключаючы 2-гадовую малую», – расказалі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Дзеці-пасажыры падвяргаюцца большай небяспецы, чым дарослыя, паколькі іх арганізм больш далікатны. Штатныя сістэмы бяспекі аўтамабіля не разлічаны на абарону малых, таму дзеці ў машынах павінны перавозіцца з выкарыстаннем дзіцячых утрымлівальных прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіцяці. Дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў неабходна перавозіць у дзіцячых аўтакрэслах. Пасажырам ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў варта набыць бустары, спецыяльныя падушкі для сядзення і г. д. Дапускаецца перавозіць дзяцей да 12 гадоў без спецыяльных прылад, калі рост дзіцяці вышэйшы за 150 см або ў аўтамабілях таксі.

«Нельга пакінуць без увагі дарожную бяспеку юных пешаходаў і веласіпедыстаў. З удзелам дзяцей-пешаходаў на дарогах вобласці адбылося 9 аварый, дзе 9 непаўналетніх атрымалі траўмы. У 6 ДТЗ пацярпелі дзеці-веласіпедысты: 1 дзіця загінула і 5 атрымалі траўмы», – адзначылі ў ДАІ.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць дарослым аб неабходнасці расказваць дзецям аб бяспечных паводзінах на дарогах, не пакідаць іх без нагляду каля праезджай часткі. У цёмны час сутак дзіця павінна быць пазначана святлоадбіўнымі элементамі. «Ад таго, як вы навучыце свайго дзіцяці паводзіць сябе на дарозе, залежаць ваш спакой і яго бяспека», – падкрэслілі ў ДАІ.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая