RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці выпрацавалі перспектыўную праграму да 2025 года па развіцці вытворчасцей

У Магілёўскай вобласці выпрацавалі перспектыўную праграму да 2025 года па развіцці вытворчасцей. Пра гэта сёння пасля дакладу Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку расказаў старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц.

«Адпрацавана праграма з 2019 па 2025 год ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Яна нацэлена на павелічэнне аб’ёму вытворчасцей, таварнай масы, павелічэнне аб’ёму выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. Гэта дазволіць дасягнуць па выніках працы за 2020 год выхаду на (сярэднюю. – прым. БелТА) заработную плату не менш як Br 1 тыс. на аднаго работніка», – сказаў губернатар.

Ён удакладніў, што праграма закранае не толькі сферу АПК. «Гэта тычыцца ўсіх суб’ектаў гаспадарання Магілёўскай вобласці. Стаіць задача, каб кожны работнік у Магілёўскай вобласці на прадпрыемстве, незалежна ад формы ўласнасці, прыналежнасці, меў магчымасць зарабляць не менш за Br 1 тыс., – адзначыў Леанід Заяц. – Гэта праграма распрацавана спецыялістамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці ў раёнах. Яна прайшла адпаведную экспертызу, абарону, прынята на пасяджэннях раённых выканаўчых камітэтаў, шырока разгледжана з удзелам усіх зацікаўленых на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта».

Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, на сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы ішла размова аб стратэгічным развіцці і тактычных падыходах па эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і яе суб’ектаў гаспадарання. «Прэзідэнтам выразна пастаўлена задача забяспечыць дынаміку эканамічнага росту Магілёўскай вобласці», – падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу забяспечыць у земляробстве і жывёлагадоўлі строгае выкананне неабходных тэхналагічных параметраў, ліквідаваць падзеж і безгаспадарчасць, выкарыстоўваць усе рэзервы для ўзняцця эканомікі галіны. «Сёння вялікія аб’ёмы (сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання –прым. БелТА) адгружаюцца за межы нашай краіны. Гэта каштуе вялікіх грошай. І на тым, што мы сёння страчваем, мы можам зарабіць, унесці ў скарбонку дзяржавы», – заўважыў губернатар.

Леанід Заяц падкрэсліў, што таксама вядзецца актыўная праца над прыцягненнем у рэгіён прамых замежных інвестыцый.

Што тычыцца развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці (у сярэдзіне жніўня гэтага года гэта дэталёва разглядалася падчас рабочай паездкі Прэзідэнта), то ў гэтым плане падрыхтаваны новы праект указа. «Разам з урадам, ключавымі міністэрствамі, з удзелам старшынь раённых выканаўчых камітэтаў актуалізаваны праграмы, якія датычацца развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У адпаведнасці з гэтым падрыхтаваны праект указа, які ўносіць дапаўненні ва ўказ 2015 года (указ ад 8 чэрвеня 2015 года № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». – прым. БелТА)», – расказаў Леанід Заяц.

Ён дадаў, што з улікам асаблівасцей развіцця паўднёва-ўсходніх тэрыторый падрыхтаваны ўсе нарматыўныя прававыя дакументы, вызначаныя параметры, задачы, якія павінны быць рэалізаваны ў гэтым рэгіёне па 2025 год. «Прадугледжваецца будаўніцтва новых вытворчасцей, пашырэнне дзеючых прадпрыемстваў, павелічэнне вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі з выхадам на канкрэтныя эканамічныя паказчыкі, якія б забяспечылі ўзняцце матэрыяльнага дабрабыту жыхароў гэтых тэрыторый», – адзначыў губернатар.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая