RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці з 23 сакавіка аб’яўлены Тыдзень дзіцячай бяспекі

У рэгіёне з 23 сакавіка аб’яўлены Тыдзень дзіцячай бяспекі. Галоўная мэта мерапрыемства –своечасовае папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, пра што паведамілі ў аддзяленне па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Паступова ўсталёўваецца добрае надвор’е, на жаль, яно «спрыяе» дзіцячаму траўматызму на дарогах: дзеці шмат часу праводзяць на вуліцы і прадастаўлены самі сабе.

Сёлета на дарогах вобласці ў выніку ДТЗ пацярпелі 11 непаўналетніх, 1 –загінуў. Наперадзе школьныя канікулы, і цяпер вельмі важна нагадаць усім дзецям аб бяспечных паводзінах на дарозе.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае бацькоў кантраляваць вольны час непаўналетніх. Памятайце, што ваш штодзённы напамін аб бяспецы можа засцерагчы дзяцей ад бяды на дарозе.

Цяпер таксама варта надаць увагу і юным веласіпедыстам, якім яшчэ не споўнілася 14-ці гадоў:ім катацца на веласіпедзе можна пад строгім кантролем дарослых і па-за зонай праезджай часткі.

Не меншую ўвагу бацькі павінны надаваць падлеткам, не дапускаючы ні маленькай магчымасці іх кіравання любым відам транспарту без адпаведнага на тое права.

Кожнаму кіроўцу неабходна памятаць, што далёка не заўсёды дзятва кіруецца правіламі і задумваецца аб небяспецы, праяўляючы бестурботнасць. Прычына ДТЗ з удзелам дзяцей найчасцей у простай няўважлівасці і незахаванні простых правілаў бяспекі. Падчас гульні дзеці забываюць пра ўсё, а ў сілу свайго ўзросту не задумваюцца аб наступствах. Вось чаму ўменне чалавека за рулём прадбачыць небяспеку і гатоўнасць пры раптоўным з’яўленні дзіцяці на дарозе спыніць свой аўтамабіль – адзін з галоўных фактараў, якія папярэджваюць дзіцячае траўмаванне. Не забывайце таксама аб бяспечнай перавозцы маленькіх пасажыраў: аўтакрэсла, бустары і рамяні – тыя самыя элементы бяспекі, якія дапамогуць захаваць жыццё і здароўе юных пасажыраў у непрадбачаных дарожных сітуацыях.

«Мамы і таты, не забывайце, што галоўным настаўнікам бяспечных паводзін дзяцей з’яўляецеся менавіта вы. Ідзяце пешшу або едзеце на машыне, падавайце годны прыклад, тлумачце свае дзеянні дзіцяці, пераконвайце яго, што трэба паступаць правільна, а не інакш. Пры пераходзе заўсёды трымайце дзіця за руку, звяртайце яго ўвагу на працу святлафораў, тлумачце значэнне дарожных знакаў і разметкі. Прыміце ўсе магчымыя меры для захавання жыцця і здароўя нашых дзяцей!»,– падкрэслілі суразмоўцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая