RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці за дэпутацкі мандат працягваюць змагацца 63 кандыдаты ў дэпутаты

У Магілёўскай вобласці за дэпутацкі мандат працягваюць змагацца 63 кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерый Берастаў.

Ён адзначыў, што ўсяго ў акруговыя выбарчыя камісіі рэгіёна паступіла 102 камплекты дакументаў ад 82 вылучаных кандыдатаў у дэпутаты. Акруговыя камісіі правялі праверку адпаведнасці парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты патрабаванням выбарчага кодэкса. Згодна з іх рашэннямі, у рэгіёне было зарэгістравана 66 кандыдатаў у дэпутаты. Акруговыя выбаркамы адмовілі ў рэгістрацыі 16 прэтэндэнтам. Сярод асноўных прычын – прадастаўленне ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці неадпаведных рэчаіснасці звестак, якія маюць істотны характар; недастатковая для рэгістрацыі кандыдата колькасць дакладных подпісаў выбаршчыкаў, сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатам; наяўнасць непагашанай судзімасці; наяўнасць у падпісных лістах больш за 15% недакладных подпісаў выбаршчыкаў ад агульнай колькасці правераных.

Двое ўжо зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты адклікалі свае заявы аб згодзе балаціравацца. Па адным кандыдаце ў дэпутаты акруговая камісія адмяніла першапачатковае рашэнне аб рэгістрацыі за паўторнае парушэнне выбарчага заканадаўства. Ён двойчы звяртаўся ў абласную выбарчую камісію са скаргай, аднак яе члены не знайшлі падстаў задаволіць зварот. Судовых пазваў на рашэнні выбарчых камісій ніхто не падаваў.

Такім чынам, у перадвыбарчай гонцы ў Магілёўскай вобласці сёння ўдзельнічаюць 63 кандыдаты ў дэпутаты. З іх 41% – беспартыйныя, 59% – прадстаўнікі розных палітычных партый. Пры гэтым безальтэрнатыўных акруг, а іх у рэгіёне 13, няма. Самая высокая канкурэнцыя ў Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85, дзе кандыдацкія пасведчанні атрымала 8 чалавек, найменшая – у Бабруйскай сельскай № 80 (2 чалавекі на мандат).

Валерый Берастаў звярнуў увагу, што цяпер ідзе заключны этап выбарчай кампаніі – агітацыйны. Да яго ўсе перыяды праходзілі спакойна, планамерна, без залішняга напружання, у прававым полі. Часавыя межы вытрымліваліся строга ў адпаведнасці з планам арганізацыйных мерапрыемстваў, зацверджаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй. У рэгіёне ўтвораны абласная, 13 акруговых і 739 участковых выбарчых камісій.

«Для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты створаны роўныя ўмовы для вядзення перадвыбарнай агітацыі», – удакладніў старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі. Кандыдаты самі маюць права вызначаць формы і метады агітацыі: мітынгі, сустрэчы з выбаршчыкамі, выступленні па радыё і тэлебачанні, апублікаванне праграм у газетах, інфармацыйныя плакаты, якія вырабляюць выбарчыя камісіі.

Як расказаў Валерый Берастаў, паводле звестак на 11 лістапада, пададзена 56 заявак на правядзенне 499 сустрэч у закрытых памяшканнях з выбаршчыкамі і 53 заявы на 899 мерапрыемстваў па-за памяшканнямі. Што тычыцца друкаваных выданняў, то апублікаванне праграм кандыдатаў у дэпутаты магчымае ў дзвюх цэнтральных газетах – «Звязда» і «Рэспубліка». У нашым рэгіёне гэта яшчэ абласная газета «Магілёўскія ведамасці», а таксама раённыя. Аднак выкарыстоўваць такое права можна толькі ў адным з выданняў на выбар. Кандыдаты ў дэпутаты таксама маюць права на адно пяціхвіліннае выступленне са сваёй перадвыбарнай праграмай па дзяржаўным ТБ і адно – па дзяржаўным радыё. У нас гэта ТРК «Магілёў» і «Радыё Магілёў». Ёсць і такая форма агітацыі, як тэледэбаты. У іх выказала жаданне ўдзельнічаць 76% ад кандыдатаў у дэпутаты.

«Калі кандыдату ў дэпутаты падасца, што яму гэтых агітацыйных мерапрыемстваў недастаткова, ён мае права адкрыць спецыяльны выбарчы рахунак у падраздзяленнях Беларусбанка», – падкрэсліў Валерый Берастаў. Выбарчы фонд ствараецца добраахвотна для фінансавання перадвыбарнай агітацыі. Ён можа быць сфарміраваны за кошт уласных сродкаў кандыдата ў дэпутаты (не больш за 1000 базавых велічынь). Грамадзяне таксама маюць права ўносіць ахвяраванні. Памер узносу аднаго чалавека ў сукупнасці не можа перавышаць 5 базавых велічынь. Юрыдычная асоба можа пералічыць не больш за 10 БВ. Агульная сума выдаткаў не павінна перавышаць 1000 базавых. На сёння 37 з 63 кандыдатаў у дэпутаты ад нашага рэгіёна ўжо адкрылі спецыяльныя рахункі для збору добраахвотных ахвяраванняў у выбарчыя фонды.

Валерый Берастаў дадаў, што спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, складаюцца па кожным участку для галасавання і падпісваюцца старшынёй і сакратаром участковай камісіі. На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці налічваецца крыху больш за 805 тыс. выбаршчыкаў.

Выбары будуць прызнаныя сапраўднымі, калі ў галасаванні прыме ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах. Абраным лічыцца кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Камісіямі рэгіёна акрэдытавана больш за 1 тыс. назіральнікаў. Валерый Берастаў падкрэсліў, што назіральнікі могуць акрэдытоўвацца да дня выбараў і нават у апошні дзень.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая