RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім абласным упраўленні МНС падвялі вынікі конкурсу на самую лепшую кампазіцыю з саломы па тэме бяспекі

Своеасаблівыя саламяныя «Дажынкі бяспекі» адбыліся ў абласным упраўленні МНС. Тут падвялі вынікі рэгіянальнага конкурсу на самую лепшую кампазіцыю з саломы, –паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

За тыдзень у кожным раёне Магілёўшчыны ўздоўж абочын дарог з ажыўленым рухам з’явіліся саламяныя творы, галоўны элемент якіх –бяспека. Іх размяшчэнне было выбрана не выпадкова: чым больш людзей, якія праходзяць або праязджаюць міма, убачаць іх, тым больш бяспечным стане жыццё. Не заўважыць кампазіцыі проста немагчыма:яркія крэатыўныя дэталі бачныя здалёк.

Так, за бяспеку Дрыбінскага раёна адказвае выратавальнік-пажарны, які стаіць на трасе Дрыбін–Магілёў. Каля яго –тэлефон службы выратавання, над якім развіваецца дзяржаўны сцяг Беларусі.

На полі ў аграгарадку Ліпаўка Хоцімскага раёна з’явіўся цягнік бяспекі, пасажыры якога –героі мультыплікацыйнага фільма «Чароўная кніга МНС». І зараз пасля ўрокаў сюды часта прыходзяць дзеці з найбліжэйшай школы, каб зрабіць сэлфі з любімымі «мульцяшкамі».

Тэма бяспекі дзяцей –лейтматыў працы бабруйскіх ратавальнікаў. Шчаслівая сям’я з лозунгам «Не пакідайце дзяцей адных» упрыгожвае аграгарадок Цялуша.

 Пажарная каланча –гістарычная спадчына Мсціслаўшчыны. Максімальна дакладна яе саламяную копію аднавілі ў аграгарадку Разанцы ўздоўж ажыўленай трасы Мсціслаў–Смаленск.

Пажарныя аўтамабілі розных канфігурацый і мадыфікацый цяпер упрыгожваюць Быхаўскі, Бялыніцкі, Клічаўскі і Асіповіцкі раёны, нагадваючы пешаходам і аўтамабілістам тэлефоны службы выратавання. І гэта важна: калі здараецца бяда і лік ідзе на хвіліны, людзі часта не ведаюць ці забываюць тэлефоны экстранных службаў.

Саламяны крэатыў, інфарматыўнасць і маштабнасць работ уразілі журы і адначасова паставілі перад імнялёгкую задачу выбару. І ўсё ж шляхам гарачых дэбатаў і аргументаваных спрэчак была вызначана тройка, а дакладней, чацвёрка найлепшых.

Шклоў – агурковая сталіца вобласці. Невыпадкова, што ў в. Малое Чорнае з’явіўся выратавальнік-агурок, які прыбыў на месца пажару на аўтацыстэрне МНС. Ярка, гумарыстычна і інфарматыўна: праца шклоўскіх ратавальнікаў заняла ганаровае 3 месца.

Чавускія ратавальнікі разам з аграрыямі стварылі пажарны аўтамабіль, якім кіруе пажарны кот. На колах аўтамабіля размешчаны QR-код на дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач», на кузаве –дэвіз Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з тэлефонам, на даху –шлем пажарнага выратавальніка. Паводле задумкі аўтараў, гэты аўтамабіль ахоўвае ўраджай ад пажару. Ідэя працы настолькі спадабалася журы, што безумоўна заняла другое месца.

А вось меркаванні наконт першага месца падзяліліся. Ратавальнікі Магілёўскага раёна пакарылі сваім маштабам. Адразу ў 5 густанаселеных пунктах раёна з’явіліся саламяныя творы бяспекі, якія ўражвалі аўтарскай задумкай, прастатой выканання і даступнасцю разумення.

Асаблівай увагі заслугоўвае і саламянаякампазіцыя незатушанай цыгарэты –галоўнай вінаватай у пажарах і гібелі людзей на іх. Толькі ў Магілёўскай вобласці за 8 месяцаў бягучага года па віне злашчаснай загінулі 34 чалавекі. Праца горацкіх ратавальнікаў –пасыл прыцягнуць усеагульную ўвагу да гэтай праблемы і спыніць пажары.

Паколькі было вельмі складана вылучыць аднаго пераможцу, журы прыняло рашэнне пальму першынства прысудзіць Горацкаму і Магілёўскаму раёнам.

Пераможцаў чакаюць заслужаныя прызы. І ўсё ж найлепшым падарункам для ратавальнікаў з’яўляецца адсутнасць НС, а значыць бяспека ўсіх і кожнага!

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая