RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне перагледзелі структуру пасяўных плошчаў і зрабілі стаўку на азімыя, кукурузу і люцэрну

У Магілёўскім раёне прынцыпова перагледзелі структуру пасяўных плошчаў і зрабілі стаўку на азімыя, кукурузу і люцэрну. А яшчэ на эксперыментальныя кулісныя пасевы, паўкосныя культуры і «хуткую дапамогу» ў выглядзе міжгаспадарчага мехатрада.

У сельгаспрадпрыемстве «Авангард» да гэтай пасяўной дадалося 400 гектараў раллі: адрэзалі ў суседняй гаспадарцы, дзе зямля апрацоўвалася, але без належнага эфекту. Ды і як інакш, калі ўжо сёння тут 5000 галоў буйной рагатай жывёлы, а да восені плануюць запусціць свінакомплекс. Галоўны аграном Яўген Папоў расказвае аб перазагрузцы пасяўных плошчаў:

– У нас з улікам далучаных зямель ужо каля 7000 гектараў. Падладжваемся пад змяненне клімату: на 30 працэнтаў павялічылі клін азімых. Яны больш спёкаўстойлівыя. Тое ж самае тычыцца і кукурузы, тым больш што пад яе падыходзяць тыя палі, якія непрыдатныя для збожжавых. Яравых збожжавых трэба пасеяць 650 гектараў, кукурузы –350. Самыя рэнтабельныя–цукровыя буракі і рапс. Ураджайнасць буракоў у мінулым годзе даходзіла да 800 цэнтнераў з гектара (у сярэднім – за 600), а палова гэтага – ужо праца ў нуль, вышэй – прыбытак. Што датычыць рапсу, то робім стаўку на камбікормавы цэх,які будуецца, дзе будзе працаваць прэс для адціскання рапсавага алею. Жмых пойдзе на корм жывёле, вырабім прама на месцы, зэканомім на перавозках. Яшчэ адна культура, па якой мяркуем плюсаваць, – люцэрна. У нас было 100 гектараў, дададзім яшчэ паўтары сотні.

Магілёўскія аграрыі вырашылі кардынальна змяніць падыходы: узяць на ўзбраенне тыя культуры і тэхналогіі, якія пры мінімальных укладах даюць максімум аддачы. Напрыклад, у гаспадарцы «Палыкавічы» сёлета на ўзор Бялыніцкага СВК «Радзіма» зоймуцца куліснымі пасевамі. Азімае жыта і свірэпіца высейваюцца палосамі і прыбіраюцца папярок. Такім чынам атрымліваецца змешаны корм: свірэпіца забяспечвае бялок, а жыта – цукар. Гэта адзін з самых ранніх відаў зялёнай падкормкі. Калі эксперымент сябе апраўдае, тэхналогію пяроймуць і іншыя гаспадаркі. Гэта ж гаспадарка апрабуе на сваіх палях паўкоснае жыта. А ў філіяле «Вендараж»РУП«Магілёўэнерга» азімае жыта пасеялі з азімай вікай. Яшчэ адзін тактычны ход–люцэрна. У кожнай гаспадарцы ёй адводзяць 300 гектараў.

– Галоўная перавага ў эканоміі, – тлумачыць стаўку на новую культуру першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Аляксей Шуплякоў. – Калі правільна падкормліваць, вапнаваць, скошваць, як рэкамендуюць навукоўцы, то можна ад 3 да 5 гадоў на адным полі атрымліваць укосы з аднаго пасеву. Плюс, у адрозненне ад канюшыны, у люцэрны не абсыпаецца ліст, а значыць, атрымаецца добрае сена. Гаспадаркі ўжо выканалі 20 працэнтаў вясновай сяўбы, падсеялі трэць траў. Падкармілі 90 працэнтаў азімых: калі б не гэтыя замаразкі, ужо б фінішавалі. З рамонтам тэхнікі справіліся яшчэ да пачатку сакавіка, вельмі дапамог бюджэт. Вырашылі аднавіць і працу міжгаспадарчага мехатрада на базе «Магілёўскай райаграпрамтэхнікі». Што тычыцца магчымага засушлівага лета, мы загадзя «акліматызаваліся»: прыйшлося пад кожнае поле скласці формулу акупнасці укладаў. У мінулым годзе ў Магілёўскім раёне агульны каравай збожжавых разам з кукурузай завесіў пад 100 тысяч тон, на гэты ў планах – 150 тысяч. Таму мінімальны прастой або парушэнне тэхналогіі мы сабе дазволіцьне можам.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая