RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне перапахавалі астанкі 22 чырвонаармейцаў

У вёсцы Гаі Магілёўскага раёна ля помніка-мемарыяла батальёну капітана Уладзімірава сёння прайшлі мітынг-рэквіем і ўрачыстая цырымонія перапахавання астанкаў 22 чырвонаармейцаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва вобласці, горада Магілёва і Магілёўскага раёна, ветэраны, пошукавікі, моладзь, прадстаўнікі грамадскасці і духавенства.

«Гераічная абарона Магілёва стала беспрэцэдэнтным прыкладам мужнасці і гераізму, – адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – Нашы людзі паказалі ўсяму свету, наколькі згуртаваныя і моцныя духам славянскія народы. Мы сёння знаходзімся на свяшчэннай зямлі, дзе ў ліпені 1941 года прынялі першы бой супрацоўнікі міліцыі пад камандаваннем капітана Уладзімірава, а таксама чырвонаармейцы 209-га супрацьтанкавага дывізіёна. Яны сапраўды сталі жывым шчытом на шляху ворага і аддалі свае жыцці за нашу мірную будучыню. Выжыць удалося нямногім. Уся гэтая зямля палітая крывёю нашых салдат. І наш святы абавязак – памятаць пра іх подзвіг і вучыць маладое пакаленне на іх прыкладзе, як трэба любіць сваю Радзіму».

Губернатар выказаў словы глыбокай і шчырай падзякі пошукавікам клуба «Віккру», прадстаўнікам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны, супрацоўнікам Магілёўскага інстытута МУС, якія ўдзельнічалі ў пошукавай экспедыцыі. «Менавіта дзякуючы вам мы можам сёння аддаць даніну павагі нашым героям, увекавечыць іх памяць», – сказаў Леанід Заяц.

Памяць загінулых чырвонаармейцаў ушанавалі хвілінай маўчання і збройным салютам. Затым Леанід Заяц перадаў асабістыя рэчы чырвонаармейца Сямёна Дрышчанкі – з паднятых парэшткаў 23 байцоў удалося ўстанавіць толькі яго імя – пляменніцы Галіне Лушчаевай з Клімавіч. Прах радавога перададзены ў райцэнтр, дзе яго перапахаваюць 22 чэрвеня ў брацкай магіле.

«Я адчуваю і смутак, і радасць адначасова, – прызналася Галіна Лушчаева. – Смутак, бо майго дзядзькі няма побач, але ўсё ж больш радасці, што цяпер мы ведаем: ён не прапаў без вестак, а загінуў як герой. Мы зможам яго з ушанаваннямі пахаваць на малой радзіме, дзе ён вырас і працаваў, і прыйсці на яго магілу, прынесці кветкі. За гэта я шчыра ўдзячная Магілёўскім пошукавікам, якія дапамаглі знайсці і ўстанавіць імя майго сваяка».

Паводле слоў кіраўніка пошукавага клуба «Віккру» Мікалая Барысенкі, у сярэдзіне красавіка падчас экспедыцыі на месцах баёў батальёна міліцыі капітана Уладзімірава і 209-га процітанкавага дывізіёна 121-й стралковай дывізіі ў выніку раскопак ля Шклоўскай шашы ў траншэях на полі былі паднятыя астанкі 23 савецкіх воінаў, фрагменты рыштунку і абмундзіравання, як мяркуецца міліцыянераў, салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі ўзору 1941 года. Пры іх знаходзіліся 3 салдацкія медальёны, рэшткі членскіх білетаў і іншых асабістых дакументаў, якія былі перададзены на экспертызу.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці змаглі аднавіць асабістыя дакументы толькі аднаго з загінулых. «Ім удалося прачытаць членскія білеты Асаавіяхіма і Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР, – адзначыў Мікалай Барысенка. – Спецыялісты ўстанавілі, што членскі білет Асаавіяхіма выдалі ў Клімавічах у 1938 годзе Сямёну Якаўлевічу Дрышчанку 1914 года нараджэння, які ўсе пасляваенныя гады лічыўся зніклым без вестак. Як стала вядома з загада начальніка ўпраўлення РК міліцыі НКУС БССР за 1940 год, копія якога захоўваецца ў Магілёўскім інстытуце МУС, да вайны ён служыў у Клімавіцкім РАУС, а ў 1940 годзе быў накіраваны на вучобу ў мінскую школу РКМ, у якую быў залічаны курсантам з 20 студзеня 1941 года. З пачатку вайны ён разам з таварышамі прыбыў у Магілёў і ў ліпені загінуў пры абароне горада».

«Для нас гэта экспедыцыя – толькі пачатак вялікай працы. Мы маем намер і далей працягваць на гэтым месцы раскопкі, спадзяёмся знайсці яшчэ астанкі чырвонаармейцаў і ўстанавіць імёны герояў-абаронцаў Магілёва», – сказаў Мікалай Барысенка.

Прах абаронцаў Айчыны аддалі з ушанаваннямі зямлі. А да памятнага знака загінулым байцам батальёна капітана Уладзімірава і воінам 394-га стралковага палка 110-й стралковай дывізіі ўсклалі кветкі.

Тэкст – БЕЛТА

Фота – уласныя

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая