RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне перапахаваюць астанкі абаронцаў Айчыны

Перапахаванне астанкаў 22-х воінаў-чырвонаармейцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адбудзецца 21 чэрвеня ў в. Гаі Магілёўскага раёна. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.

Мітынг-рэквіем пачнецца ў 10.00 каля помніка-мемарыяла батальёну капітана Уладзімірава. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, свяшчэннаслужыцелі, ветэраны, пошукавікі, моладзь. Прах абаронцаў Айчыны аддадуць зямлі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Астанкі яшчэ аднаго байца – Сямёна Якаўлевіча Дрышчанкі – будуць перададзены сваякам для далейшага пахавання ў Клімавіцкім раёне.

Як расказаў Мікалай Барысенка, у сярэдзіне красавіка байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны сумесна з супрацоўнікамі клуба «Віккру», курсантамі інстытута МУС, навучэнцамі ўстаноў адукацыі Магілёва, Быхава і Магілёўскага раёна праводзілі экспедыцыю на месцах баёў батальёна міліцыі капітана Уладзімірава і 209-га супрацьтанкавага дывізіёна 121 стралковай дывізіі.

У выніку раскопак ля Шклоўскай шашы ў траншэях на полі былі падняты астанкі 23 савецкіх воінаў, фрагменты амуніцыі і абмундзіравання, як мяркуецца, міліцыянераў, салдат і камандзіраў РСЧА ўзору 1941 года. Пры іх знаходзіліся 3 салдацкія медальёны, рэшткі членскіх білетаў і іншых асабістых дакументаў, якія былі перададзены на экспертызу.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці змаглі аднавіць асабістыя дакументы аднаго з загінулых. «Ім удалося прачытаць членскія білеты «Асавіяхіма» і «Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР», – адзначыў Мікалай Барысенка. – Спецыялісты ўстанавілі, што членскі білет «Асаавіяхім» выдалі ў Клімавічах у 1938 годзе Сямёну Якаўлевічу Дрышчанку 1914 года нараджэння, які ўсе пасляваенныя гады лічыўся зніклым без вестак».

Як стала вядома з загада начальніка ўпраўлення РК міліцыі НКУС БССР за 1940 год, копія якога захоўваецца ў Магілёўскім інстытуце МУС, да вайны ён служыў у Клімавіцкім РАУС, а ў 1940 годзе быў накіраваны на вучобу ў мінскую школу РКМ, у якую быў залічаны курсантам з 20 студзеня 1941 года. З пачатку вайны ён разам з таварышамі прыбыў у Магілёў і ў ліпені загінуў пры абароне горада.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая