RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве аб’явілі конкурс на стварэнне макета Траецкай царквы

У Магілёве аб’явілі конкурс на стварэнне макета Траецкай царквы. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай працы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама.

Конкурс макетаў прымеркаваны да святкавання 755-годдзя горада Магілёва, Года гістарычнай памяці і праводзіцца ў межах рэспубліканскай маладзёжнай акцыі БРСМ «Аднаўленне святынь Беларусі». Да ўдзелу запрашаюцца аўтары і творчыя калектывы арганізацый.

Пры стварэнні макетаў неабходна выконваць некалькі ўмоў. «Работа павінна ўяўляць сабой архітэктурны макет Траецкай царквы. Тэхніка выканання – традыцыйная. Для стварэння макета могуць выкарыстоўвацца розныя матэрыялы і тэхналогіі, устойлівыя да атмасферных ападкаў, прыдатныя для размяшчэння на вуліцы, – адзначылі арганізатары. – Макет неабходна выконваць у маштабе памяншэння, стаўленне памеру макета да памеру намаляванага аб’екта – ад 1:40 да 1:20. Абавязкова захаванне прапорцый, інжынерныя канструкцыі і элементы (вокны, дзверы і іншае) павінны быць канструктыўна выдзелены. Каларыстыка павінна супадаць з арыгіналам».

Гістарычныя матэрыялы для вырабу макетаў удзельнікі конкурсу могуць збіраць з усіх магчымых крыніц: архіваў, музеяў, кінафотадакументаў, успамінаў сведак і іх нашчадкаў і інш.

Прадстаўленыя на конкурс праекты будуць ацэньвацца па некалькіх крытэрыях: гістарычная дакладнасць, адпаведнасць дэталей, маштабу, фактур прататыпу, кампазіцыйна-мастацкі і эстэтычны ўзровень макета, тэхніка, якасць, акуратнасць і майстэрства выканання работы, глыбіня прапрацоўкі формы, дэталіроўка і ступень складанасці вырабу макета, выкарыстанне даўгавечных матэрыялаў, цэласнасць працы.

Заяўку ў адвольнай форме з указаннем наступных даных аўтара (ПІБ, кантактныя тэлефоны, узрост, месца пражывання, месца працы, пасада) трэба накіраваць у аргкамітэт на адрас электроннай пошты molod_gorod@mail.ru (з указаннем у тэме паведамлення «Конкурс макетаў») у тэрмін да 15 красавіка 2022 года. Самі макеты неабходна падаць да 15 мая.

Узнагароджанне пераможцаў пройдзе напярэдадні святкавання 755‑годдзя Магілёва. Пераможцы атрымаюць дыпломы і памятныя падарункі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт і Магілёўская гарадская арганізацыя ГА БРСМ.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая