RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве адкрыецца пастаянна дзейная партыйная школа

У ведах сіла

Днямі 25 кіруючых работнікаў Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» пройдуць унікальны палітычны курс. Заняткі для першай групы правядуць на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта з 21 па 25 кастрычніка. Партыйцам трэба будзе праслухаць лекцыі і замацаваць атрыманыя веды на практычных занятках. Усім, хто паспяхова прайшоў навучанне, выдадуць сертыфікаты.

Лідэр Магілёўскага абласнога аддзялення БП «Белая Русь» Максім Гурын расказаў:

- Мэта нашых заняткаў - павышэнне кваліфікацыі партыйнага актыву. Ужо зацверджаны план лекцый, тэмы самыя актуальныя - прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва Беларускай партыі «Белая Русь» з грамадскімі арганізацыямі краіны, міжнароднае супрацоўніцтва з Расіяй, ідэалогія беларускай дзяржавы як сацыяльна-палітычны феномен і іншыя. І я запісаўся, каб асабіста паглядзець, як будуць праходзіць заняткі і наколькі яны будуць карыснымі. Акрамя таго, у першай групе навучэнцаў падвысяць сваю кваліфікацыю кіраўнікі партыйных аддзяленняў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Магілёва і Магілёўскага раёна.

У лістападзе плануецца прадоўжыць заняткі ў школе. У другой групе падвысяць кваліфікацыю ўжо 40 чалавек - лідэры раённых аддзяленняў партыі. Яны ўдасканаляць ідэалагічныя падыходы, адточаць статутныя задачы партыі, атрымаюць новыя веды па справаводстве, падвядуць вынікі працы за паўтара года партыйнага будаўніцтва.

На думку Максіма Гурына, партыйная школа павінна працаваць на пастаяннай аснове:

- Пасля актыву будуць навучаць радавых партыйцаў з прыцягненнем прафесійных лектараў. «Курсантаў» збяруць у Магілёве з усіх раёнаў вобласці ў тым ліку для таго, каб пашыраць гарызантальныя сувязі ў грамадстве: аднадумцы пазнаёмяцца, абмяняюцца адрасамі і досведам працы, каб пасля больш узаемадзейнічаць, рэалізоўваць сумесныя праекты. Бо наперадзе вельмі адказны перыяд: 2025 год - электаральны.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая