RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве адкрылі першы ў рэгіёне арэндны дом для медыкаў

Першы ў рэгіёне арэндны дом для медыцынскіх работнікаў адкрыўся ў Магілёве.

Жылы будынак размясціўся на вул.Першамайскай і разлічаны на 79 кватэр - адна-, двух- і трохпакаёвых. У дом засяляюцца 48 сямейных медработнікаў, астатнія кватэры зоймуць спецыялісты, якія не знаходзяцца ў шлюбе. Па новым адрасе будуць пражываць урачы (35 спецыялістаў), сярэдні медыцынскі і іншы персанал. Кошт будаўніцтва аб'екта склаў Br9,9 млн.

Сярод навасёлаў сям'я Кацярыны і Сяргея Шыпавых, у якой падрастае 6-гадовы Арсеній. Кацярына ўжо два гады пасля пераезду з Касцюковічаў працуе педыятрам у Магілёўскай паліклініцы №3, увесь гэты час муж і жонка жылі на здымных кватэрах. «Атрымаць кватэру для нас вельмі нечакана і радасна, - адзначаюць яны. - Мы маладая сям'я і даўно марылі аб уласным жыллі і, як паказвае практыка, мары спраўджваюцца. Раней жылі ў аднапакаёвай кватэры, зараз у нас будзе два светлыя і прасторныя жылыя пакоі: адзін нам, другі - дзіцяці, які ўжо даўно прасіў уладкаваць яму свой куток».

Сям’ю таксама радуе, што ў кватэры ўсё зроблена пад ключ: ёсць шпалеры, ламінат, нацяжная столь. «Прыязджай і жыві! - усміхаюцца яны. - Дзякуй вялікі за такую важкую падтрымку кіраўніцтву нашага горада, вобласці і дзяржавы. Яны клапоцяцца аб медыках, прычым не толькі аб умовах працы і заработнай плаце, але і аб пражыванні. Тое, што нам далі кватэру, - лепшая матывацыя замацавацца на сваім працоўным месцы і аказваць якасную дапамогу насельніцтву».

Яшчэ адна сям'я, якой пашчасціла сёння атрымаць ключы ад новай кватэры, - Сяргей і Яна Гарбылёвы, траўматолаг-артапед і медыцынская сястра Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. «Жывем на здымнай кватэры пасля вяселля ўжо 2, 5 гады, - дзеляцца яны. - Стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, але не думалі, што так хутка пераедзем на свае квадратныя метры. Паведамленне аб новай кватэры ўспрынялі вельмі эмацыйна, да гэтага часу ў шоку. Родныя і блізкія за нас рады. Ад нашай бальніцы кватэры атрымліваюць яшчэ чатыры чалавекі. Гэта добрая і цікавая практыка, калі мы ўсе будзем жыць у адной хаце па прафесійным прынцыпе».

«Стала добрай традыцыяй, калі напярэдадні святаў (сёння гэта Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі) мы адкрываем новыя аб'екты і дорым падарункі, - адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. - Літаральна пару дзён таму мы адкрылі ў Асіповічах новую школу, а сёння - дом для медыцынскіх работнікаў. У развіццё галіны аховы здароўя ўкладваецца шмат грошай. З боку вобласці, не лічачы рэспубліканскага бюджэту, у гэтым годзе на капітальныя і бягучыя рамонты выдзелена Br192 млн, на закупку медабсталявання патрачана Br30 млн. Гэта сур'ёзныя лічбы і важкі ўклад у развіццё медыцыны».

Кіраўнік рэгіёну падкрэсліў, што дом пабудаваны дзякуючы дзяржаўнай праграме па будаўніцтве арэнднага жылля. Увод такіх аб'ектаў вельмі важны для замацавання кадраў на месцах, а таксама стварэння камфортных умоў пражывання для маладых сем'яў і пачаткоўцаў адмыслоўцаў. Таму такая добрая традыцыя ў рэгіёне будзе працягнута. «У дзяржаве робіцца ўсё для таго, каб людзі жылі і працавалі. Самае галоўнае, што мы жывем пад мірным небам, можам спакойна працаваць і будаваць такія аб'екты. Вядома, хочацца больш і лепш, але ўсё залежыць толькі ад нас: калі мы разам будзем працаваць як адзінае цэлае - заўсёды будуць вынік і аддача», - сказаў на заканчэнне ён.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая