RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве дадзены старт абласному марафону навагодніх мерапрыемстваў

У Магілёве сёння дадзены старт абласному марафону навагодніх мерапрыемстваў. У цырымоніі запальвання агнёў на галоўнай ёлцы Прыдняпроўскага краю прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка і старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў. Жыхарам і гасцям рэгіёну ў гэты дзень быў прадстаўлены мюзікл «Зорнае ззянне», а таксама лазернае шоу.

«Новы год важны для ўсіх. Яго заўсёды чакаюць. Для дарослых - гэта падвядзенне вынікаў, погляд як у мінулае, так і ў будучыню. Дзеці, вядома, чакаюць цудаў, свята, падарункаў. Ды і дарослыя таксама чакаюць. Таму тая акцыя, якая праходзіць у нашай краіне, мае вялікае значэнне, бо дзеці - гэта наша заўтра. І мы павінны зрабіць усё, каб гэтыя святы прайшлі для іх весела, з усмешкамі, каб спраўдзіліся ўсе іх жаданні. І сёння мы даем старт нашай абласной навагодняй ёлцы. Далучаюцца да яе і нашы рэгіёны. Хачу пажадаць усім дабра, усмешак, шчасця, мірнага неба, радасці і верыць - усё споўніцца», - павіншаваў жыхароў вобласці з пачаткам святочных урачыстасцяў Анатоль Ісачанка.

Пасля запальвання агнёў на абласной ёлцы адбылася яшчэ адна прыемная цырымонія. У дзень старту рэспубліканскай навагодняй акцыі «Нашы дзеці» ў горадзе Магілёве нарадзіліся 7 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў. Анатоль Ісачанка і Аляксандр Студнеў уручылі бацькам нованароджаных магіляўчан, якія першымі з'явіліся ў гэты дзень на свет, грашовыя сертыфікаты на суму 1 тыс. рублёў.

У сям'і Вадзіма і Карыны Крыловых 15 снежня нарадзіўся першынец. Хлопчыку бацькі выбралі імя Мацвей. «Званок з запрашэннем быў для мяне нечаканым. Але прыемна такая ўвага, - падзяліўся малады бацька. - Не сказаць, што да Новага года стаўлюся па-асабліваму, але з нараджэннем сына, мяркую, сітуацыя зменіцца. І, магчыма, гэта пакладзе пачатак нейкай добрай сямейнай традыцыі».

Шчасце сёння ўсміхнулася яшчэ адной сям'і з Магілёва - Ілля Грыцаў з жонкай Аленай сталі бацькамі дзяўчынкі, якую назвалі Паліна. У малой ужо ёсць старэйшая трохгадовая сястрычка Арына: «Гэты год заканчваецца для нас добрай падзеяй – нараджэннем другога дзіцяці. І жаданне загадваю толькі адно, каб у нас усё ў далейшым складалася добра. А што да падарункавага сертыфіката - ён стаў прыемным сюрпрызам. Елку ўжо паставілі і чакаем маму з сястрычкай. Новы год плануем адзначыць дома ўсе разам».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая

Чытайце таксама ў катэгорыі "навiна дня":