RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве грамадскасць заклікае кіроўцаў не паркавацца на месцах для інвалідаў

Выпускнікі школы гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» пачынаюць рэалізацыю грамадскай кампаніі «Паркуйся правільна». Яе мэта – змяніць паводзіны кіроўцаў не інвалідаў на паркоўках, прызначаных для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Як паказвае практыка, многія аўтаўладальнікі карыстаюцца гэтымі месцамі, не маючы на тое права (яны не з’яўляюцца інвалідамі, іх аўтамабілі не пазначаны спецыяльнымі знакамі).

«Нярэдка можна заўважыць, калі каля буйных гандлёвых цэнтраў, іншых арганізацый, аўтаўладальнікі паркуюцца на месцах для інвалідаў, якія натуральна знаходзяцца бліжэй да ўваходу, хоць ёсць і іншыя свабодныя. Мы хочам выправіць гэту сітуацыю і паказаць, што ў Магілёве жывуць культурныя людзі, якія з павагай ставяцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі», – адзначылі арганізатары праекта.

Падчас правядзення кампаніі яны раскажуць, чым парковачныя месцы для інвалідаў адрозніваюцца ад звычайных і чаму ўсё ж такі не варта іх займаць без патрэбы. Аўтары падрыхтавалі відэаролік з канкрэтным прыкладам, дзе кіроўца Дзмітрый, які сам з’яўляецца інвалідам-калясачнікам, расказвае, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца на паркоўках.

Ва ўзаемадзеянні з буйнымі гандлёвымі цэнтрамі арганізатары будуць выхоўваць культуру паркоўкі ў кіроўцаў, аўтамабілі якіх не пазначаны спецыяльнымі знакамі, але прыпаркаваны на месцах для інвалідаў. Плануюцца сумесныя акцыі, дзе валанцёры правядуць тлумачальную працу сярод парушальнікаў. У некаторых школах правядуць класныя гадзіны на гэту тэму.

За ходам кампаніі можна сачыць у СМІ ці сацыяльных сетках. Калі вы хочаце далучыцца да кампаніі ў якасці валанцёра ці вам ёсць што сказаць па гэтай праблеме, запоўніце анкету.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая