Сёння, 25 ліпеня, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў уручыў лісты падзякі курсантам універсітэта грамадзянскай абароны, работнікам Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС і РАСП «ЗУБР». Гэта ўжо другая група, якая па даручэнні міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага працуе над ліквідацыяй наступстваў праходжання навальнічнага фронту ў рэгіёне, расказалі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.
На працягу тыдня працавалі тры мабільныя групы — больш за сто чалавек, якія выканалі значны аб'ём задач па расчыстцы могілак. Завяршыўшы сваю частку працы, яны вяртаюцца дадому. Але аднаўленне парадку ў горадзе з іх ад'ездам не спыняецца. На добраўпарадкаванні месцаў пахавання ўвесь час працуюць магілёўскія ратавальнікі, а новая група памочнікаў з іншых падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях прыбудзе ў горад ужо заўтра.
Сяргей Чарткоў падзякаваў ратавальнікам за дапамогу:
- Ваша праца па расчыстцы тэрыторый ад паваленых дрэў і галінак мае вялікае значэнне для аднаўлення парадку і забеспячэння бяспекі. Дзякуючы вашым намаганням ўдалося пазбегнуць далейшага разбурэння і захаваць годны выгляд важных для горада месцаў. Вы праявілі высокі прафесіяналізм, адказнасць і разуменне важнасці сваёй місіі. Дзякуем за ўклад у захаванне гістарычнай памяці і добраўпарадкавання Магілёва.
Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Голубеў перадаў ратавальнікам віншаванні з прафесійным святам ад міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага, назваў уклад будучых ратавальнікаў і калег з іншых падраздзяленняў сімвалам узаемадапамогі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая