RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве выбралі дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход

На сённяшняй сесіі Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў выбраны дэлегаты на VI Усебеларускі народны сход. Пра гэта паведаміў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын.

«На сесіі адным з найважнейшых пытанняў быў выбар дэлегатаў на Усебеларускі народны сход. Намі абрана 36 чалавек: 24 дэпутаты гарадскога савета і 12 – абласнога, – адзначыў Максім Гурын. – Усе гэтыя людзі прымалі актыўны ўдзел у працы грамадскіх прыёмных, дыялогавых пляцовак. Яны ведаюць, якія праблемы зараз хвалююць нашых жыхароў, яны ж займаліся зборам ініцыятыў і прапаноў ад жыхароў горада. Таму на УНС кожны з іх прыедзе ўжо з гатовымі ідэямі, якія будуць агучаны на такім высокім узроўні».

Паводле слоў Максіма Гурына, на Усебеларускім народным сходзе будуць прапрацоўвацца ўсе самыя важныя пытанні, якія дапамогуць вывесці развіццё краіны на новы ўзровень. «Адным з важных аспектаў паспяховага развіцця любой дзяржавы застаецца эканамічны складнік, бо чым больш паспяхова працуе эканоміка, тым лепшы будзе стан іншых сфер жыцця. Пандэмія сёлета паказала, што чым больш эфектыўна працуюць вытворчасці і напаўняецца бюджэт, тым больш з’яўляецца магчымасцей для хуткага перапрафілявання ўстаноў аховы здароўя і забеспячэння іх усім неабходным. Нашы поспехі ў будучым трэба не толькі захаваць, але і памножыць», – падкрэсліў Максім Гурын.

Усебеларускі народны сход – важны этап у развіцці дзяржавы. «Тут не толькі будуць падводзіцца вынікі мінулай пяцігодкі, але і будзе прынятая стратэгія развіцця дзяржавы на найбліжэйшую будучыню. Я, як дэпутат, разлічваю, што будуць прапрацаваны пытанні павышэння ролі мясцовага кіравання і самакіравання, пашырэння іх паўнамоцтваў у сацыяльна-эканамічнай і іншых сферах», – адзначыў Максім Гурын.

Нельга абысці бокам і патрыятычнае выхаванне моладзі. «Неабходна памятаць мінулае і будаваць будучыню з апорай на гістарычную памяць. Мы павінны ўмець рабіць высновы і працягваць развіваць мірную Беларусь, грунтуючыся на вопыце нашых продкаў. І Усебеларускі народны сход стане тым неабходным этапам, які дапаможа граматнаму развіццю краіны з улікам сучасных рэалій», – падкрэсліў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая