RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве з асноўным гадавым аб’ёмам рамонту дарог справяцца да 1 ліпеня

У Магілёве ў студзені-маі аб’ём выкананых работ па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця склаў больш за 46 тыс. кв. м, што на 30% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар Упраўлення камунальных прадпрыемстваў Магілёва Андрэй Кіблоў.

«Калі ў мінулым годзе больш за палову рамонтных работ на дарогах мы выконвалі да 1 верасня, то ў бягучым прынята рашэнне паскорыць працэс і зрабіць усё да 1 ліпеня. Для гэтага перагледжаны графікі фінансавання, і ў нас маюцца неабходныя тэхнічныя магчымасці, – адзначыў Андрэй Кіблоў. – Наша галоўная задача ў бягучым годзе – максімальна палепшыць стан вулічна-дарожнай сеткі абласнога цэнтра. Такім чынам мы выконваем і пажаданні гараджан, якія напярэдадні і падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» звярнуліся з просьбай надаваць больш увагі рамонту і прывядзення ў парадак гарадскіх магістраляў».

Асноўны акцэнт робіцца не на ямачны рамонт, а на суцэльнае асфальтаванне праблемных участкаў. Такія работы ўжо праведзены на вуліцах Вялікай Чавускай, Астроўскага, Гагарына, Фаціна, у раёне абласной бальніцы і на самым доўгім мосце горада па вуліцы Каралёва. У найбліжэйшых планах – правесці вялікія рамонтныя работы і ў прыватным сектары горада. Так, толькі па вуліцы Перакопскай ў раёне Абісініі будзе пакладзены асфальт на ўчастку працягласцю больш за кіламетр.

Будаўнікі таксама з чэрвеня прыступілі да масіраванага рамонта дваровых праездаў і добраўпарадкавання двароў. «Яскравы прыклад – пасёлак Ямніцкі, дзе адрамантавана большасць аб’ектаў, а два двары, якія засталіся, будуць прыведзены ў парадак у самы блізкі час, – запэўніў Андрэй Кіблоў. – Мы гэту працу будзем працягваць і не збіраемся спыняцца. А тое, што ўжо зроблена, людзі ацэньваюць станоўча, і да нас паступае нямала званкоў з падзякамі».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая