RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве з пачатку года паступіла 330 зваротаў па рамонце дахаў

У гэтым годзе ва Упраўленне камунальных прадпрыемстваў Магілёва паступіла 330 зваротаў па пытаннях рамонту дахаў у шматкватэрных жылых дамах. Пра гэта падчас пашыранай нарады заявіў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

«Падчас прамой тэлефоннай лініі львіная доля званкоў тычылася пытанняў працёку дахаў. Як мне паведамілі, з 1 студзеня бягучага года ва УКП паступіла 330 зваротаў грамадзян з нагоды неабходнасці рамонту дахавых пакрыццяў. Большая частка такіх зваротаў паступіла падчас ліўневых дажджоў, якія прыйшліся на чэрвень, – адзначыў Уладзімір Цумараў. – Пакуль на вуліцы стаіць добрае надвор’е, неабходна нарасціць працу па рамонце дахаў. Нельга расцягваць тэрміны, потым пойдуць дажджы – і зноў будзе шквал зваротаў».

Па словах намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэя Кіблова, усеё чэрвеньскія звароты былі зафіксаваны і пакладзены ў графік рамонтных работ. «Дадзена даручэнне перагледзець фінансаванне. Гарвыканкам пазначыў, што ёсць рэзерв сродкаў, якія могуць быць накіраваны на рамонт дахавых пакрыццяў», – падкрэсліў ён.

Як расказаў дырэктар КУП «ЖРЭУ Ленінскага раёна Магілёва» Віктар Бялясаў, на балансе іх прадпрыемства знаходзіцца больш за 1,1 тыс. жылых дамоў, у тым ліку 40 – інтэрнаты. Плошча дахавага пакрыцця складае 816 тыс. кв. м. «У гэтым годзе намі запланавана правесці рамонтныя работы амаль 16 тыс. кв. м – каля 2% ад агульнай плошчы ўсіх дахаў, – адзначыў ён. – Мы правялі невялікі аналіз і ўбачылі, што за апошнія 5-6 гадоў прыкметна знізіліся аб’ёмы выконваемых работ. Калі 7 гадоў наша прадпрыемства выконвала фактычны рамонт на плошчы каля 22 тыс. кв. м на год, то зараз аб’ёмы знізіліся».

У Кастрычніцкім раёне горада на балансе КУП «ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна» знаходзіцца 672 дамы, з якіх 26 – інтэрнаты. Па словах першага намесніка дырэктара камунальнага прадпрыемства Міхаіла Тачылкіна, каля 70% дахавых пакрыццяў знаходзіцца ў нездавальняльным стане. У гэтым годзе запланаваны рамонт больш за 10, 3 тыс. кв. м.

Па словах прадстаўнікоў камунальных прадпрыемстваў, у іх ёсць праблемы з забяспечанасцю кадрамі для правядзення дахавых работ. Гэта досыць працаёмкі працэс, які патрабуе пэўных кампетэнцый, а за прапанаваную заработную плату людзі не хочуць працаваць. Уладзімір Цумараў адзначыў, што трэба прапрацаваць варыянты вырашэння гэтай праблемы. «Наймайце людзей па дагаворы падраду, шукайце выхады. Усе заяўкі, якія паступілі да вас ад жыхароў горада з нагоды працёку дахаў, павінны быць закрытыя. Гарвыканкам бярэ гэтае пытанне на асаблівы кантроль», – падсумаваў старшыня Магілёўскага гарвыканкама.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая