RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У мерапрыемствах Дзён моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску» прыме ўдзел больш за 50 прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці

Больш за 50 прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці прыме ўдзел у мерапрыемствах Дзён моладзі на XXVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» 12-13 ліпеня. Пра гэта паведамілі ў абласным камітэце ГА «БРСМ».

Наш рэгіён прадставяць удзельнікі інтэлектуальнага турніру «Што? Дзе? Калі?» – каманды «Лёгкая раніца» і «Не друзья ДРУЗЯ», моладзевыя кавер-бэнды Eiihelstraat, «Палатно Драйзер», хлопцы і дзяўчаты, якія захапляюцца варкаўтам, ролер-спортам, скейтбордынгам. Пераможца Міжнароднага конкурсу «Універбачанне» на III Міжнародным фестывалі «Студэнцкая вясна краін БРІКС і ШАС» у Стаўрапалі Аляксандра Раманоўская стане вядучай цырымоніі афіцыйнага адкрыцця Дзён моладзі на галоўнай сцэне плошчы Перамогі.

ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» з 2004 года выступае ідэйным натхняльнікам свята маладосці і натхнення, якое ўжо даўно стала неад’емнай часткай афіцыйнай праграмы «Славянскага базару ў Віцебску». Кожны год на фестывалі, які аб’ядноўвае тысячы ўдзельнікаў і гледачоў, БРСМ прэзентуе спектр талентаў, уменняў, майстэрства прадстаўнікоў беларускай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны і горада Мінска. Арганізатары ўпэўнены, што 2019 год не стане выключэннем, бо межы Дня моладзі пашыраны не толькі ў часовай прасторы, але і геаграфічнай. У гэтыя дні моладзевыя пляцоўкі размесцяцца каля канцэртнай залы «Віцебск» і Летняга амфітэатра. Традыцыйна будзе задзейнічана і плошча Перамогі.

Старт Дням моладзі дасць адкрыты дыялог «Супрацоўніцтва і сяброўства моладзі Саюзнай дзяржавы». У цэнтры ўвагі моладзі Беларусі і Расіі – пытанні творчага, навукова-адукацыйнага, гісторыка-патрыятычнага напрамкаў, а таксама рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Упершыню ў праграму свята ўключаны моладзевы інтэлектуальны open-air «Кветкі Вялікай Перамогі», прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Інтэлектуальныя баталіі ўключаюць шэраг спаборніцтваў, сярод якіх «Свая гульня» і «Што? Дзе? Калі?» і аб’яднаюць 14 каманд з усіх рэгіёнаў Беларусі. Па выніках агульнага заліку чатыры найлепшыя каманды прымуць удзел у гульні «Квадрыга», дзе і разыграюць галоўны прыз open-air.

Першы дзень свята завершыць фестываль кавер-бэндаў.

Арганізатары ўпэўнены, што бадзёрасці духу на ўвесь дзень надасць #Моладзевы забег. З самага ранку 150 юнакам і дзяўчатам трэба будзе пераадолець дыстанцыю ў 2,5 км. Па выніку кожны ўдзельнік забегу будзе ўзнагароджаны медалём, а тройка пераможцаў – каштоўнымі падарункамі.

13 ліпеня арганізатары Дзён моладзі прапануюць шырокі спектр мерапрыемстваў. Мабыць, самай гучнай у поўным сэнсе гэтага слова стане пляцоўка фестывалю аўтагуку «dB Drag Racing2». Аўтамабільнае шоу па аўтагукавым спорце аб’яднае на адной з самых вялікіх плошчаў Еўропы уладальнікаў яркіх аўто, у якіх устаноўлена ну вельмі гучная акустыка. Каля сарака аматараў гуку і рову магутных матораў з Беларусі, Расіі і Латвіі пакажуць палепшаныя версіі сваіх машын з самым магутным гукам і высвятляць падчас фестывалю, у каго найлепшы гук.

Моладзевы спартыўны варкаўт-турнір «Наша сіла-2019» стане пляцоўкай для дзяцей з усіх куткоў Беларусі, аб’яднаных агульнай ідэяй папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Турнір пройдзе на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы ў дзвюх намінацыях «Абсалютны фрыстайл» і «Дваябор’е». Тут жа, каля летняга Амфітэатра, у «скейтпарку» адбудзецца адкрыты чэмпіянат «Belarus skateboard challenge 2019» у асабіста-камандным заліку ў дысцыпліне «Street» ў групах «Юніёры» (удзельнікі да 18 гадоў), «Мужчыны» (удзельнікі ад 18 гадоў). Спартыўны блок дапоўніць адкрытае Першынство Віцебскай вобласці па баскетболе 3х3 сярод мужчынскіх і жаночых каманд. У спаборніцтвах прыме ўдзел больш за 70 каманд з Віцебска і Віцебскай вобласці, а таксама гасцей з Гомеля, Магілёва, Мінска і расійскага Смаленска.

Арганізатары Дзён моладзі запрашаюць у гэтым годзе і на музычны фестываль «Саюз моладзі». Ён пройдзе на пляцоўцы каля канцэртнай залы «Віцебск» з удзелам кавер-бэндаў, вакальна-інструментальных ансамбляў і груп, якія прадстаўляюць рэгіёны Беларусі і горад Мінск, а таксама шоу-групы Яўгеніі Зарыцкай «Саманта» з Санкт-Пецярбурга.

Завершыць свята моладзі выступленне папулярных беларускіх гуртоў «Пачуццё палёту», «NaviBand» і «Без квітка».

Кожны год БРСМ стараецца прыўнесці ў праграму Дня моладзі на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» новыя элементы, аб’яднаць у ёй яркія праекты і ініцыятывы. Але традыцыйна нязменнай была і будзе патрыятычная акцыя «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», падчас якой юнакі і дзяўчаты ўскладаюць кветкі да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі ў Віцебску.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая