RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Мінпрацы расказалі аб сацабароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

Як у Беларусі арганізавана сацыяльная абарона грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У ведамстве нагадалі, што 26 красавіка ў Беларусі адзначаецца памятная дата - Дзень чарнобыльскай трагедыі. Удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прадастаўляецца сацыяльная падтрымка ў залежнасці ад перыяду іх удзелу ў работах па ліквідацыі наступстваў аварыі, а таксама ад узроўню радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, на якой праводзіліся такія работы.

Найбольш значныя льготы прадугледжаны для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, сталі інвалідамі ў выніку катастрофы, а таксама для грамадзян, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы ў зоне эвакуацыі (адчужэння).

У працоўных адносінах для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы на ЧАЭС або іншымі радыяцыйнымі аварыямі, прадугледжана пераважнае права на пакіданне на рабоце пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў. Таксама прадастаўляецца сацыяльны водпуск без захавання заработнай платы працягласцю 14 каляндарных дзён у год. Акрамя таго, работніку прадастаўляецца водпуск у летні або іншы зручны час па яго жаданні. У Мінпрацы адзначылі, што апошняя гарантыя прадастаўляецца таксама работнікам, якія эвакуіраваны, адселены або самастойна выехалі з тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання з зоны эвакуацыі (адчужэння), зоны першачарговага адсялення і зоны наступнага адсялення, за выключэннем тых, хто прыбылі ў пазначаныя зоны пасля 1 студзеня 1990 года.

Прадугледжаны таксама асаблівасці рэгулявання працы работнікаў, якія пражываюць (працуюць) на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Для іх устаноўлены 35-гадзінны рабочы тыдзень і павышаныя сутачныя для часова накіраваных або камандзіраваных. Таксама прадугледжана павышаная працягласць працоўнага водпуску (без уліку дадатковага водпуску за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы): 44 каляндарныя дні - для асоб, якія працуюць у зонах эвакуацыі (адчужэння), першачарговага адсялення і далейшага адсялення, і 37 каляндарных дзён - для асоб, якія працуюць у зонах з правам на адсяленне. Акрамя таго, водпуск па цяжарнасці і родах для жанчын з 27 тыдняў цяжарнасці складае 146 каляндарных дзён (у выпадку ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей - 160 каляндарных дзён) незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў.

Медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, работнікам культуры, педагагічным работнікам і іншым спецыялістам устаноў адукацыі і аховы здароўя, галоўным спецыялістам і спецыялістам сельскай гаспадаркі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спецыялістам, якія ажыццяўляюць ветэрынарную дзейнасць, а таксама работнікам сістэмы спажывецкай кааперацыі і кіраўнікам спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, якія заключылі кантракт тэрмінам на 5 гадоў на работу ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення, выплачваецца аднаразовая выплата пры заключэнні першага кантракта - 200 базавых велічынь. Таксама прадугледжана выплата пры заключэнні другога кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 5 гадоў работы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта - 300 базавых велічынь.

Ажыццяўляецца падтрымка сем'яў. Грамадзяне, якія зарэгістраваны па месцы жыхарства і фактычна пражываюць у населеных пунктах, што знаходзяцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне наступнага адсялення або зоне з правам на адсяленне, маюць права на выплату дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у памеры 150 працэнтаў ад устаноўленага памеру.

Павышаны памер дапамогі назначаецца пры наяўнасці ў грамадзяніна, які ажыццяўляе догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, пасведчання пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС або іншых радыяцыйных аварый, якое пацвярджае права на льготы па артыкулах 21 і 22 закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый», а таксама рэгістрацыі па месцы жыхарства і фактычным пражыванні ў населеным пункце, які знаходзіцца ў зоне наступнага адсялення або зоне з правам на адсяленне і пазначаным у пасведчанні.

Значны аб'ём ільгот прадастаўляецца ў частцы пенсійнага забеспячэння. Адна з іх - права на датэрміновую пенсію па ўзросце на 10 гадоў раней за дасягненне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы ў межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе або не менш як 10 сутак у 1987 годзе, а таксама для грамадзян, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, і інвалідаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

На 5 гадоў раней за дасягненне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту - для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, занятых на работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы ў 1986-1987 гадах у межах зоны эвакуацыі (адчужэння), акрамя занятых у 10-кіламетровай зоне, пры наяўнасці інваліднасці (незалежна ад прычыны).

Прадугледжаны асаблівы парадак вылічэння пенсій па інваліднасці і з прычыны страты карміцеля для асоб, якія сталі інвалідамі з-за калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, і сем'яў, якія страцілі карміцеля ў выніку названых прычын. У выглядзе пенсій па інваліднасці і з прычыны страты карміцеля ім кампенсуецца страчаны ў сувязі з інваліднасцю або стратай карміцеля заработак (даход). Таксама прадугледжана льготнае вылічэнне часу работы на эксплуатацыі ЧАЭС і ў зонах эвакуацыі, першачарговага адсялення і наступнага адсялення (гэты час залічваецца ў стаж для назначэння пенсій у трайным або паўтарачным памеры ў залежнасці ад зоны і часу выканання работы).

Рэалізуецца таксама ўстанаўленне даплат да пенсій. Прадугледжана надбаўка інвалідам з-за калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, у памеры ад Br56 да Br112 (на красавік бягучага года), а таксама павышэнне для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы (у залежнасці ад часу ўдзелу і зоны работ) і асоб, адселеных з зон эвакуацыі (адчужэння), першчарговага адсялення і наступнага адсялення, якія самастойна пакінулі гэтыя зоны пасля катастрофы, у памеры ад Br28 да Br56 (на красавік бягучага года).

Інвалідам у выніку чарнобыльскай катастрофы і дзецям, якія страцілі карміцеля з-за калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, прадастаўлена права на сацыяльную пенсію ў павышаных памерах.

Акрамя таго, грамадзянам, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, прадастаўлена права на наступныя дзяржаўныя сацыяльныя льготы: 90-працэнтная скідка з кошту лекавых сродкаў, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, забеспячэнне іншымі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне, бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным грамадскім транспарце, а таксама 50-працэнтная скідка на плату за жыллёва-камунальныя паслугі (прадастаўляецца грамадзянам, якія не маюць працаздольных членаў сям'і).

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая