У Музеі этнаграфіі Магілёва ў лютым адкрыецца дзіўная выстава «Адыходзячая натура» – яўрэйская гісторыя ў лялечных сюжэтах. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава.
Аўтар работ – Валерыя Гайшун. Нарадзілася майстар у Ленінградзе, а праз некаторы час яе сям’я пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. Усе персанажы аўтарскай калекцыі – яўрэі з мінулых часоў, якіх Лялечны Майстар памятае з дзяцінства. Беражліва захоўваючы яўрэйскія традыцыі і дух народа, мастачка стварыла каларытныя вобразы з воўны ў тэхніцы сухога валяння. Кожная кампазіцыя прадумвалася да дробязяў – унікальныя міні-дэталі часам даводзілася набываць у антыквараў або вырабляць на заказ у майстроў.
Экспазіцыя жыва ўяўляе маленькае яўрэйскае мястэчка. Сярод персанажаў – эмігрант Фіма, настаўніца нямецкай мовы Бэла Львоўна, фатограф Сямён, прыгажуня Эстэр Фейгел, маладыя Навум і Фіра, цырульнік Ізя, кравец Марык... У кожнага – свая гісторыя і выразны характар.
Рост лялек – 35-40 см. Уся антуражная мэбля зроблена на заказ. Посуд, чайнічкі збіраліся па хатах знаёмых. У яўрэйскіх пакоях мала сучасных рэчаў, напрыклад, мясарубка – цацка дзяцінства мастачкі.
Яўрэйскія гісторыі Валерыі Гайшун падарожнічаюць па розных гарадах і краінах, дзяржаўных музеях, выставачных залах і галерэях. Многія лялькі аўтара пасля выстаў перабіраюцца на пастаяннае месца жыхарства да сваіх прататыпаў у Ізраіль, Расію, Францыю, ЗША і нават на Філіпіны. Ляльку Фейгу-Іту Шагал, створаную па вобразе маці знакамітага мастака, Валерыя Гайшун падарыла музею Марка Шагала ў Віцебску. Твор быў прызнана арт-аб’ектам 2013 года.
Дарэчы, у 2015-м у свет выйшла кніга «Кухня яўрэйскага мястэчка, якога больш няма», ілюстраваная сюжэтамі з лялькамі Валерыі Гайшун. Выданне паспяхова прадаецца ў Маскве ў Яўрэйскім музеі, у галерэях Мінска і абавязкова будзе паказана на аўтарскай выставе ў Магілёве.
Куратар праекта – Мая Кацнельсон. Для шырокай публікі выстава будзе працаваць з 1 лютага да 19 сакавіка. Афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё – 29 студзеня ў 16.00.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве
18.02.2025 - 16:22
12.02.2025 - 11:29
На традыцыйныя сустрэчы па выходных запрашае музей Масленікава