RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У шматжанравым Міжнародным фестывалі ArtFest прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі і канкурсанты з Малдовы

Міжнародны фестываль ArtFest прайшоў трэцім разам і адбыўся ў дыстанцыйным фармаце. Конкурсныя відэа ацэньвала не толькі кампетэнтнае журы, але і карыстальнікі многіх сацыяльных сетак. Такім чынам, удзельнікі змаглі атрымаць новых падпісчыкаў і фанатаў у сваіх акаўнтах.

У конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі і моладзь з Малдовы. Для 22 маладых людзей ArtFest быў асабліва важны, бо ў іх ёсць ступень інваліднасці або яны засталіся без папячыцельства бацькоў.

Дыпломы рознай ступені, фірмовыя статуэткі і медалі атрымалі ўдзельнікі і пераможцы намінацый: вакальная, харэаграфічная, інструментальная, тэатральная і выяўленчая творчасць. Фармат фестывалю – шматжанравы, таму і прэтэндэнтаў на гран-пры было некалькі:

– вопытная выканаўца Арына Пехцерава (ДУА «Магілёўская гарадская гімназія № 1», кіраўнік – Таццяна Галіноўская);

– юная і таленавітая піяністка Аліса Чой (ДУА «Магілёўская Дзіцячая школа мастацтваў №3 імя М. М. Салдатава», кіраўнік – Алена Філімонава);

– падрастаючая магілёўская зорачка Ангеліна Пашкевіч (вакальная майстэрня ReMix, кіраўнік – Вольга Грыгор’ева);

– удзельніца тэлевізійных шоу, прадстаўнік намінацыі «харэаграфічная творчасць» Марыя Шашкова (студыя танца Stay dance project, кіраўнік Станіслаў Грэчка, г. Рагачоў). Менавіта яна пасля працяглых абмеркаванняў і галасавання членаў журы стала абсалютнай пераможцай III Міжнароднага фестывалю мастацтваў ArtFest.

Плануецца, што найлепшыя ўдзельнікі конкурсу будуць запрошаныя ў якасці гасцей на галоўную канцэртную пляцоўку падчас святкавання Дня горада Магілёва, дзе ўладальніку гран-пры ўручаць ВК тэлевізар, а педагогам і лаўрэатам – падзячныя лісты Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.

III Міжнародны фестываль мастацтваў ArtFest быў арганізаваны Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам, Магілёўскім гарадскім Саветам дэпутатаў, Магілёўскай абласной арганізацыяй «Беларускі саюз жанчын», Магілёўскай гарадской арганізацыяй РГА «Белая Русь», Магілёўскім гарадскім камітэтам ГА «БРСМ».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая