RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У войнах больш за іншых пакутуюць дзеці: у Магілёве прайшоў мітынг у памяць аб ахвярах канцлагераў

У Магілёве ля помніка «Дзецям вайны» прайшоў мітынг, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Як расказала старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі малалетніх вязняў фашысцкай няволі Галіна Рыбцова, на сённяшні дзень у Магілёве пражывае 297 былых вязняў.

«Узрост ужо дае аб сабе ведаць. Калі ў 2000 годзе я прымала арганізацыю па вобласці, было 11 тыс., цяпер - крыху больш за 1,2 тыс., - расказала яна. - 11 красавіка для нас - дзень памяці, але ў той жа час - адзін з радасных дзён, таму што вязні Бухенвальда паднялі паўстанне і самавызваліліся. Там загінула вялізнае мноства людзей, каля 4 млн. Сёння мы ўспамінаем усіх тых, хто загінуў за калючым дротам фашысцкіх канцлагераў: мужчын і жанчын, дарослых, старых і дзяцей. І больш за ўсіх на вайне пакутавалі дзеці і старыя. У Асвенцыме над дзецьмі ставілі доследы - бесчалавечныя і жорсткія. Я, мая мама і цёткі таксама патрапілі туды, але нам пашчасціла выжыць. Гэта было страшна. Настолькі страшна, што мяне гэты страх адольваў яшчэ многія і многія гады. Як сябе ўспамінаю - нават не ўмела ўсміхацца. Выглядала, як бабуля. Нельга дапусціць, каб яшчэ нехта з нашых людзей адчуў гэты кашмар».

Галіна Рыбцова звярнула ўвагу на той факт, што кожны год да памятнага мерапрыемства актыўна далучаецца моладзь. Яна падкрэсліла, што такую традыцыю пераемнасці пакаленняў трэба працягваць. «Такім узаемадзеяннем, сумеснымі намаганнямі мы захаваем праўдзівую гісторыю нашай краіны і народа», - адзначыла яна.

Яшчэ адна ўдзельніца мітынгу - Вольга Гапеева. Жанчыне цяжка казаць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пра свой лёс у яе кантэксце. «Мая маці выратавала майго бацьку з лагера для ваеннапалонных, які размяшчаўся на Лупалава. Пасля ўжо ўсю сям'ю разам са мной, адыходзячы, немцы забралі з сабой у Германію. Недзе ў Польшчы пачалі наступаць чырвонаармейцы. Дык немцы нас кінулі і разбегліся, — расказвае яна. - Вайна - гэта вельмі страшна. Мы, мусіць, ужо апошнія сведкі тых страшных падзей. І мы вельмі хочам, каб пакаленні, якія жывуць цяпер, асабліва моладзь, шанавалі і бераглі наша мірнае неба. Занадта высокі кошт за мір заплацілі мінулыя пакаленні».

Удзельнікамі мітынгу сталі сёння і школьнікі горада. Адна з іх, навучэнка 10 класа сярэдняй школы №2 Марыя Касалапава расказала, што іх школа заўсёды прыходзіць да помніка 11 красавіка. «Гісторыя вучыць нас шмат чаму. І мы, сучаснае пакаленне, павінны здабываць урокі з мінулага і не дапусціць паўтарэння тых крывавых падзей», - сказала яна.

Старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын ад імя гарадскога выканаўчага камітэта і дэпутацкага корпуса падзякаваў прадстаўнікам старэйшага пакалення за іх актыўную жыццёвую пазіцыю, за стойкасць і сілу духу. «На вашую долю выпала цяжкае дзяцінства, вельмі цяжкія падзеі. Тым не менш годна прайшлі, вытрымалі ўсе фашысцкія здзекі, сталі сапраўднымі патрыётамі, дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, - сказаў ён. - Вы робіце вялікую справу, працуеце з моладдзю, захоўваеце гістарычную памяць - памяць аб нашай Вялікай перамозе. Вы - прыклад мужнасці, таго, як трэба сябе паводзіць, служыць сваёй краіне, айчыне. Прайшоўшы неймаверныя выпрабаванні, вы захавалі чалавечы твар, веру ў дабро і справядлівасць».

Працягнулася мерапрыемства ўскладаннем кветак і вянкоў да падножжа помніка, а таксама творчымі выступамі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая