RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Учарашні вечар паказаў: усе службы Магілёўскай вобласці, у прыватнасці медыцынскі блок, спрацавалі аператыўна і зладжана

Прыкладна ў першыя хвіліны пачатку адзінаццатай гадзіны ў Магілёве і найбліжэйшых раёнах знікла электрычнасць. Так, жыхарам адключаных ад падачы святла і вады тэрыторый, хто яшчэ не спаў, гэта даставіла некаторы дыскамфорт. Але самае галоўнае пытанне датычылася не асабістых інтарэсаў: як у такіх умовах будуць працаваць медустановы? Бо некаторым пацыентам патрэбна экстраная дапамога, другія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, функцыянаванне якіх залежыць ад крыніц сілкавання. Надзвычайная сітуацыя паказала: у падобных абставінах каманды медустаноў вобласці спрацавалі спакойна, планамерна, па сцэнарыях, якія не аднойчы адпрацоўваліся. Як, зрэшты, і іншыя службы аператыўнага рэагавання. Бо ўжо апоўначы раёны адзін за адным вярталіся ў звыклае рэчышча. Наступствы аварыі планамерна ліквідавалі, і раніцай людзі адправіліся на працу.

Наступны пасля пазаштатнай сітуацыі дзень пачаўся звычайна: у рэгіёне былі святло і вада. У першую чаргу дзякуючы таму, што хутка была ліквідавана прычына сітуацыі. Партал sb.by звязаўся з установамі аховы здароўя Магілёўскай вобласці, каб даведацца, як працавалі медыкі ў перыяд адключэнняў. Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, каментуючы сітуацыю з адключэннем электраэнергіі, адзначыў, што ўсе ўстановы аховы здароўя ў Магілёўскай вобласці працягвалі аказваць дапамогу пацыентам:

– Хворыя, якія мелі патрэбу ў штучнай вентыляцыі, атрымлівалі яе. Больш за тое, у некаторых бальніцах працягвалі ісці аперацыі, якія пачаліся да адключэння. Ніякіх прыпынкаў у аказанні экстранай дапамогі не было. Перабоі ў электразабеспячэнні не парушылі працу, паколькі ўсе бальніцы забяспечаны акумулятарнымі батарэямі і дызельнымі генератарамі.

Аляксандр Генадзевіч адзначыў, што адключэнне электраэнергіі было кароткім па часе, але закранула многія раёны.

– У зону НС патрапілі Магілёў, а значыць, і ўстановы аховы здароўя горада, таксама Шклоў, Бялынічы, Круглае. Улічваючы, што ўсе бальніцы аснашчаны дызельнымі генератарамі, крыніцамі бесперабойнага сілкавання, ніякіх перапынкаў у энергазабеспячэнні не было. Найбольш важныя жыццёвыя кропкі былі запушчаны. Гэта рэанімацыя, аперацыйныя блокі. Таму сітуацыя прайшла без здарэнняў, чаму паспрыялі рэгулярныя трэніроўкі, якія мадэлююць падобныя сітуацыі і правяраюць медустановы на прадмет гатоўнасці да пераходу на рэзервовыя крыніцы забеспячэння. Запасу паліва, якое маецца для дызельных генератараў, у розных медустановах хапае ад 10 да 25 гадзін бесперабойнай працы. Электразабеспячэнне было адноўлена менш чым за гадзіну. Мы яшчэ не паспелі атрымаць справаздачы ад калег-медыкаў, як аднавілі святло, – паведаміў Аляксандр Старавойтаў.

Каардынацыя працы ажыццяўлялася ў цэнтры аказання экстранай дапамогі, які размясціўся ў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. Па ўсіх установах на працоўныя месцы прыехалі кіраўнікі і займаліся ліквідацыяй наступстваў адключэння электраэнергіі. Рэзервовыя крыніцы, варта сказаць, уключыліся без прысутнасці кіраўніцтва. Аўтаматычная сістэма сама завяла дызельныя генератары.

Ужо раніцай у Магілёўскім аблвыканкаме прайшло пазачарговае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Сяргея Маслава, дзе падвялі вынікі працы. Былі вызначаны моцныя і слабыя бакі дзеянняў у сітуацыі, якая склалася, і прапанаваны дадатковыя рашэнні па паляпшэнні працы, калі раптам нешта падобнае паўторыцца. Які вынік?

– НС паказала, што ўсе спрацавалі добра. Была хутка адноўлена падача электрычнасці –менш чым за гадзіну, без збояў спрацавалі ўсе службы вобласці, усе кіраўнікі былі ў стане гатоўнасці і на сувязі. Спакойна сябе адчувала і насельніцтва, якое было ўпэўнена, што яго не кінуць, – падсумаваў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама.

У Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі праца ў момант адключэння не спынілася ў прамым сэнсе –ішлі аперацыі. Цікавы факт: у гэты час нават прымалі роды. Знікла электрычнасць і ў Бялыніцкім раёне. Ці была гатова да гэтага бальніца? Галоўны ўрач Бялыніцкай ЦРБ Павел Манько з ходу адказвае:

 

–Вядома. Цягам гадзіны працаваў дызельны электрагенератар. Ён аўтаматычна ўключаецца, калі знікае крыніца электраэнергіі. На ім у нас запітаныя рэанімацыйнае і прыёмнае аддзяленні, радзільная зала, аперацыйны блок, «хуткая», якая прымае выклікі. У гэты час аперацый не праводзілася, родаў не было, але ў рэанімацыі было 7 пацыентаў. Перабояў па кіслародзе не назіралася. Сітуацыя паказала, што ўсё спрацавала добра. Тут важна яшчэ і тое, што аварыйныя ўстаноўкі трэба планава абслугоўваць, каб у выпадках надзвычайнага здарэння тэхніка не падвяла. У мінулым месяцы якраз своечасова абслужылі, праверылі дызельны генератар, – сказаў на заканчэнне Павел Аляксандравіч.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая