RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Унікальны медыцынскі праект тэсціруюць у абласной клінічнай бальніцы

Удзел у прэзентацыі пілотнага праекта па ўкараненні сістэмы Voice2Med у Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы прыняў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. На працягу месяца ўрачы некалькіх лячэбных і дыягнастычных аддзяленняў медустановы карысталіся сэрвісам у тэставым рэжыме. Сёння адбылося яго прадстаўленне, абмеркаванне вопыту выкарыстання, асноўных пераваг і магчымасцей, адаптыўнасць да пэўных патрабаванняў і задач. Удзел у сустрэчы таксама прынялі намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, галоўны ўрач Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Анатоль Кулік, вядучыя спецыялісты АКБ і прадстаўнікі распрацоўшчыкаў.

Праграма афармлення медыцынскай дакументацыі дазваляе лекарам надыктоўваць апісанне даследавання і не губляць гадзіну на ўвод інфармацыі ўручную, што скарачае тэрмін запаўнення дакументаў у сярэднім на 30%, павялічвае эрганоміку працоўнага месца лекара, павялічвае колькасць прынятых пацыентаў. Як паведамляюць разпрацоўшчыкі, Voice2Med распазнае медыцынскія тэрміны і дазваляе пазбегнуць памылак пры запаўненні дакументаў. Сістэма можа быць інтэграваная з любой медыцынскай інфармацыйнай сістэмай, якая дазваляе праводзіць оперативны абмен інфармацыяй, што дасць магчымасць павысіць якасць лячэння. Праект унікальны не толькі для вобласці, але і для рэспублікі ў цэлым, ён рэалізуецца сумесна з прадстаўнікамі з Расійскай Федэрацыі, дзе такія рашэнні ўжо ўкаранёны.

У працэсе абмеркавання Анатоль Ісачанка адзначыў цікавасць медыкаў да праграмы і задаў шэраг удакладняючых пытанняў, пацікавіўся аб'ектыўнымі меркаваннямі і аргументамі, падыходамі да інтэграцыі з існуючымі медыцынскімі інфармацыйнымі сістэмамі. Пры ўкараненні любых новаўвядзенняў, як падкрэсліў губернатар, увага павінна быць накіравана на паляпшэнне якасці аказання медыцынскіх паслуг для жыхароў вобласці: «Здароўе чалавека - важней за ўсё. За апошнія гады заўважна палепшылася інфраструктура ўстаноў аховы здароўя Магілёўскай вобласці. Выбудавана сучасная высокатэхналагічная сістэма. Нашым грамадзянам даступная медыцынская дапамога самага высокага ўзроўню, заснаваная на найноўшых дасягненнях медыцынскай навукі. І прэзентацыя сённяшняга пілотнага праекта з'яўляецца доказам гэтаму».

Аб тым, што лічбавыя тэхналогіі ўжо даўно ўкараняюцца ў медустановах і працуюць на карысць людзей, расказаў і Анатоль Кулік, разам з тым адзначыўшы, што медыцынская інфармацыйная сістэма ў кожнай клінікі свая і сёння існуе неабходнасць наладзіць паміж імі ўзаемадзеянне.
 
«Гэты праект паказаў свае перавагі ў запаўненні медыцынскай дакументацыі. Так, ён яшчэ патрабуе дапрацовак пад нашы індывідуальныя патрэбы, аднак ужо знайшоў водгук ва ўрачоў», - падзяліўся ён.
 
Пераўтвараючы голас у тэкставыя дакументы, якія складае ўрач, праграма ўжо сёння дазваляе складаць выпіскі, апісанні дыягнастычных працэдур (КТ, УГД). У далейшым медыкі бачаць прымяненне гэтай праграмы пры аглядзе пацыента на прыёме, вядзенні дзённікаў абходаў у палатах, апісанні аперацый.

«Напрыклад, у аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі ў дзень праходзіць каля 10 аперацый. Цяпер іх апісанне лекар можа надыктоўваць паралельна, дадаткова прыцягваючы для гэтага медперсанал, альбо ў перапынках паміж аперацыямі. Або даследаванне КТ - сама па сабе працэдура непрацяглая, а вось яе расшыфроўка і апісанне займае асноўны час. Праграма дазволіць аптымізаваць гэты працэс і паскорыць яго да 50%, як паказала практыка, - растлумачыў Анатоль Кулік. - Задумкі вялікія і цікавыя. Па досведзе выкарыстання нашы адмыслоўцы дзеляцца дадатнымі водгукамі, пры гэтым выказваюць пажаданні па ўдасканаленні сэрвісу, што кажа аб зацікаўленасці ў прадукце. Распрацоўнікі паабяцалі іх улічыць. У выпадку паспяховай рэалізацыі праекта ў нашай клініцы, напэўна, гэты досвед распаўсюдзіцца і на іншыя ўстановы рэгіёна. У ідэале, нам неабходна адзіная інфармацыйная медыцынская праграма. Каб інфармацыя аб пацыенце знаходзілася ў аператыўным доступе, незалежна ад установы, у якую ён паступіў».

Акрамя асноўнага пытання, вынесенага на парадак дня, з калектывам абласной клінічнай бальніцы Анатоль Ісачанка абмеркаваў шэраг іншых актуальных задач і тэм, адказаў на пытанні і выслухаў пажаданні. Таксама губернатар наведаў аддзяленні, на базе якіх тэсціруецца сістэма Voice2Med, дзе пагутарыў з медыцынскім персаналам і пацыентамі.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая