RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Урачысты пленум, прымеркаваны да 35-годдзя абласной арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, прайшоў у Магілёве

Урачысты пленум, прымеркаваны да 35-годдзя абласной арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, прайшоў у Магілёве.

Урачысты пленум, прымеркаваны да 35-годдзя абласной арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, прайшоў у Магілёве.

Прывітаў прысутных памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, адзначыўшы: «У межах гісторыі 35 гадоў – гэта маленькая кропка. Але сёння складана сабе ўявіць грамадска-палітычнае жыццё краіны без вашай актыўнай і дзейснай працы. Ветэраны заўсёды былі і застаюцца найбольш аўтарытэтнай часткай нашага грамадства».

Таксама Леанід Мартынюк падзякаваў ветэранам за духоўныя і маральныя арыенціры, якія яны прывіваюць маладому пакаленню. І падкрэсліў, што роля ветэранскай арганізацыі ў грамадска-палітычным жыцці высока шануецца дзяржавай і Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Аб’яднанне не аднойчы адзначана як адно з найлепшых і наймацнейшых у краіне.

«Рэспубліка Беларусь – адна з нямногіх дзяржаў на постсавецкай прасторы, у якой сацыяльная абарона насельніцтва і падтрымка ветэранскага руху з’яўляюцца стрыжнем унутранай палітыкі, – сказаў ён. – Ветэраны робяць многае, каб захаваць памяць аб ваенных і працоўных гадах, вядуць актыўную грамадскую дзейнасць і работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, удзельнічаюць у рэалізацыі сацыяльных праектаў, арганізацыі культурных і спартыўных мерапрыемстваў, ні адна электаральная кампанія не праходзіць без іх актыўнага ўдзелу. Сёння, улічваючы сучасныя рэаліі і выклікі, як ніколі патрэбна кансалідацыя нашага грамадства.

Юбілей арганізацыі – гэта яшчэ адна нагода сказаць ветэранам дзякуй за ўклад у развіццё вобласці, актыўную жыццёвую пазіцыю, шматгадовую добрасумленную працу, вопыт, дабрыню і мудрасць», – адзначыў Леанід Мартынюк.

Ён выказаў упэўненасць, што ветэраны і ў далейшым будуць заставацца надзейным сувязным звяном паміж органамі дзяржаўнай улады і насельніцтвам, робячы ўсё магчымае на карысць сваёй вобласці і роднай Беларусі. І пажадаў абласной арганізацыі далейшага росквіту, а яе прадстаўнікам – аптымізму і душэўнай маладосці, падтрымкі і ўвагі родных людзей, невычэрпнай энергіі ў дасягненні пастаўленых мэт.

У сваю чаргу намеснік старшыні Магаблвыканкама Валерый Малашка таксама павіншаваў удзельнікаў урачыстасці з юбілейнай датай і падзякаваў ім за актыўную грамадзянскую пазіцыю, падкрэсліўшы, што галоўнай задачай ветэранскай арганізацыі застаецца фарміраванне ў моладзі ідэалаў грамадзянскасці і патрыятызму:

«Патрыятызм заўсёды грунтуецца на пераемнасці героікі і гістарычных традыцый, сілкуецца народнай памяццю. Вельмі важна, асабліва ў Год гістарычнай памяці, напоўніць штодзённы парадак падзей магутнай ідэалагічнай падтрымкай, каб кожны жыхар Магілёўскай вобласці адчуваў сябе звязаным са сваёй краінай, горадам, вёскай, быў у адказе за сваіх родных і блізкіх. І тут роля ветэранскай арганізацыі вялікая. На яе рахунку шмат важных ініцыятываў і спраў, а галоўнае – уменне іх рэалізаваць і ўвасобіць у жыццё».

Ён падкрэсліў, што падзеі ля нашай мяжы прымусілі беларусаў задумацца аб вялікай каштоўнасці – міры – і яшчэ раз ацаніць вартасці моцнай улады, сілу прэзідэнцкага слова. Але трэба яшчэ шмат чаму навучыцца: шанаваць і берагчы тое, што нам дадзена, і любіць сваю радзіму.

«У нашай структуры налічваецца 228 тыс. ветэранаў. На вялікі жаль, удзельнікаў вайны сярод іх засталося менш за 90 чалавек, – расказаў старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Анатоль Глаз. – Гэта сведчыць пра тое, што мы, дзеці пасляваеннага пакалення, павінны пераняць ад іх эстафету, каб працягваць выконваць іх ролю і тлумачыць маладым людзям, якія гераічныя намаганні патрабаваліся як для перамогі над фашызмам, так і для таго, каб аднавіць краіну. І, зразумела, мы абавязаны вучыць іх, падаваць прыклад, якімі павінны быць грамадзяне нашай рэспублікі.

Арганізацыя была створана ў 1987 годзе. І ў 1999 годзе, для параўнання, удзельнікаў і ветэранаў вайны ў ёй налічвалася 74 тыс. Гэта шматлікае войска закрывала ўсе пытанні патрыятычнага выхавання моладзі, вучыла маладое пакаленне, што не бывае ўсё проста і адразу, для дасягнення вынікаў трэба прыкладаць намаганні.

Сёння гэтай працай займаемся мы. Асноўным жа напрамкам з’яўляецца сацыяльная абарона ветэранаў працы, пенсіянераў, інвалідаў. І тыя праекты, якія накіраваны на патрыятычнае выхаванне моладзі. Напрыклад, адзін з апошніх – па макетах спаленых вёсак, над якімі працавалі школьнікі. Падчас такой працы дзеці ўнікаюць у гісторыю, маюць зносіны з нешматлікімі сведкамі вайны, у такой форме інфармацыя глыбей пранікае ім у душу. Нядаўна мы падвялі яго вынікі, уручылі дыпломы і з дапамогай фундатараў – грашовыя прэміі для развіцця матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі і для заахвочвання рабят. Яшчэ адзін маштабны праект – напісанне да канца года і выданне кнігі працоўнай славы кожнага раёна і кожнага горада. Гэта не толькі тыя людзі, якія вызначыліся ў прамысловасці і будаўніцтве, гэта ў абавязковым парадку найлепшыя педагогі, медыкі, работнікі культуры, алімпійскія чэмпіёны, народныя артысты і мастакі. Тыя людзі, на прыкладзе якіх можна і трэба вучыць новае пакаленне.

Так, мы не можам канкурыраваць з блогерамі ў інтэрнэце, таму так важна сустракацца з дзецьмі і моладдзю і вочы ў вочы весці з імі дыялог. Нашая галоўная мэта, каб яны ведалі нашых вялікіх людзей, ганарыліся імі, сваёй гісторыяй, сваёй радзімай».

У пленуме прынялі ўдзел кіраўнікі раённых і гарадскіх арганізацый, дэлегацыі з рэгіёнаў, ветэранскі актыў, ганаровыя госці. Як водзіцца, госці прыйшлі не з пустымі рукамі – з узнагародамі і падарункамі. Прагучала мноства цёплых слоў. На юбілейным мерапрыемстве таксама былі падведзены вынікі работы і вызначаны асноўныя напрамкі далейшага развіцця ветэранскай арганізацыі. Быў арганізаваны і святочны канцэрт.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая