RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ураджай на кававай гушчы і трэнажор па АБЖ: «100 ідэй для Беларусі» выбралі ў Магілёўскай вобласці

Вырошчванне насення на кававай гушчы, навучальны міні-цэнтр па АБЖ і IT-праекты прэзентавалі сёння ў Магілёве на абласным этапе конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

Больш за 30 праектаў былі прадстаўлены на суд экспертаў і членаў журы. Студэнт трэцяга курса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Уладзіслаў Шарапаў прадэманстраваў навучальную праграму па мехатроніцы з выкарыстаннем STEM-методыкі.

«Тут паказана ўстаноўка, якая апрацоўвае (прабівае і шліфуе) матэрыял, транспартуе і сартуе яго. Увесь працэс аўтаматычны, удзел чалавека мінімальны. Мы прапануем навучыць школьнікаў, ліцэістаў і навучэнцаў каледжаў збіраць такія станцыі. Гэта можна рабіць на базах іншых навучальных устаноў і нашай ВНУ. Стварыць такую ўстаноўку можна пры мінімальных затратах, з падручных сродкаў. Яна дапаможа дзецям развіць тэхнічныя навыкі або нават вызначыцца з будучай прафесіяй», – падзяліўся малады чалавек.

Навучэнцы сярэдняй школы № 4 горада Горкі расказалі пра магчымасць весці сельскую гаспадарку ў горадзе без спецыфічных падкормак. Тэхналогія заснавана на выкарыстанні кававай гушчы, якую можна выкарыстаць як ўгнаенне. Як адзначылі распрацоўшчыкі, у ёй утрымліваюцца азот і мікраэлементы, што спрыяе росту морквы і радыскі.

Адразу два праекты прывезлі вучні з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Адна з распрацовак – навучальны трэнажор «Юны выратавальнік».

«Трэнажор інтэрактыўны, сумна з ім не будзе. Мы ўжо пачалі выкарыстоўваць яго ў сваім цэнтры – дзецям падабаецца. Поўны кошт нашага праекта – крыху больш за Br440», – падзяліліся юныя вынаходнікі Павел Шаўцоў і Цімафей Тарасевіч. Акрамя трэнажора, яны прывезлі кампрэсар бытавога выкарыстання. Ён зроблены з агрэгатаў халадзільнай устаноўкі і вогнетушыцеля, якія адслужылі свой тэрмін.

З ідэяй рацыянальнага выкарыстання другаснай сыравіны прыехалі ў абласны цэнтр Сяргей Семянкоў і Вячаслаў Навумкін. Яны прадэманстравалі станок для прэсавання паліўных брыкетаў з паперы, кардона і пілавіння.

«Тут сабраліся хлопцы, якім важна паказаць свае распрацоўкі. У іх гараць вочы, калі яны расказваюць пра праекты, якія ствараліся пад дбайным кіраўніцтвам педагогаў. Многае, што было тут прадстаўлена, можа выкарыстоўвацца ў паўсядзённым жыцці. Удзельнікі атрымалі бясцэнны вопыт навуковых даследаванняў і канструявання, які спатрэбіцца ў будучыні. Для многіх гэта можа стаць прафесіяй або стартавай кропкай у развіцці ўласнага бізнесу», – падзяліўся ўражаннямі аб конкурсе намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

У фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі» было адабрана 11 праектаў, якія будуць прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскім узроўні.

Артыкул падрыхтаван з выкарыстаннем матэрыялу БЕЛТА

Фота - ўласныя

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая