RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ускладанне кветак, адкрыццё выстаў БелТА і Музея гісторыі ВАВ далі старт мерапрыемствам да юбілею Магілёва

Ускладанне кветак, адкрыццё выстаў БелТА і перасоўнай экспазіцыі Музея гісторыі ВАВ – так у Магілёве далі старт святочным мерапрыемствам, прысвечаным Дню вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 755-годдзю Магілёва.

На плошчы Славы прайшло ўскладанне кветак і вянкоў да Вечнага агню, дзе ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікамі мітынгу сталі прадстаўнікі гарадской і абласной улады, дэпутацкага корпуса, сілавых структур і ведамстваў, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны і моладзь.

«Менавіта гэты дзень – галоўнае свята і сімвал адзінства ўсіх пакаленняў магілёўцаў. Сёння мы адзначаем 755-ы дзень нараджэння Магілёва і па праве ганарымся яго гераічнай гісторыяй і сучаснымі дасягненнямі. 28 чэрвеня – дзень нашага гонару і смутку. Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе Магілёў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта дзень бязмежнай падзякі абаронцам Айчыны. Дзеля нас яны змагаліся і перамаглі, прайшлі праз нечалавечыя выпрабаванні. Яны ўсё вытрымалі і дамагліся Перамогі, – сказаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. – З кожным годам мы ўсё вастрэй адчуваем маральную моц гэтага подзвігу. Для нас, беларусаў, Вялікая Айчынная вайна – небывалая па маштабах і жорсткасці барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы страцілі кожнага трэцяга жыхара, кожную сям’ю закранула гэтая страшная бяда. Салдаты сваёй краіны не шкадавалі жыццяў дзеля яе свабоды і мірнай будучыні кожнага з нас. Мы ніколі не забудзем іх мужнасці і самаахвярнасці».

Як адзначыў Уладзімір Цумараў, беларусы ганарацца перамогай у Вялікай Айчыннай вайне і не саромеюцца гаварыць пра гэта з высокіх трыбун. «Сёння мы павінны зрабіць усё, каб не дапусціць адраджэння нацызму. Наша справа – захоўваць і перадаваць нашчадкам праўду аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, агульначалавечыя каштоўнасці і традыцыі братэрскай дружбы».

Прадоўжыліся мерапрыемствы шэрагам адкрыццяў. На плошчы ля гарадской ратушы размясціўся праект Беларускага тэлеграфнага агенцтва «Лёсы, складзеныя ў трохкутнік». Тут прадстаўлена 18 стэндаў, на якіх размешчаны алічбаваныя лісты салдат і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэты праект рэалізаваны БелТА сумесна з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа працавала і палявая пошта, дзе можна было адправіць родным франтавы трохкутнік.

Непадалёк ад выставы БелТА размясцілася мабільная экспазіцыя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У ёй прадстаўлена 5 раздзелаў, якія расказваюць аб пачатку вайны на тэрыторыі нашай краіны, партызанах і падпольшчыках, юных патрыётах, якія ўсталі на абарону сваёй Радзімы ад ворагаў. Таксама можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя гэтага, наведвальнікі даведаюцца аб гераізме работнікаў чыгуначнага транспарту і ролі ваенных фотакарэспандэнтаў у асвятленні падзей вайны ў кінастужках і фотаздымках. Падчас працы экспазіцыі экскурсаводы раскажуць аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа будзе аформлена тэматычная фотазона, дзе можна будзе зрабіць памятнае фота.

Працаваць тэматычныя пляцоўкі будуць на працягу ўсяго дня. Уваход вольны.

Працягне шэраг мерапрыемстваў круглы стол «Да 755-годдзя Магілёва» ў Музеі гісторыі Магілёва.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая