RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Усё па графіку: у Магілёве будаўнікі абшываюць фасад новай паліклінікі і займаюцца чыставога унутраным аздабленнем

Узвядзенне інтэграванай паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка горада Магілёва ў самым разгары. Гэта адзін з аб’ектаў, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта. Паколькі рэгіёну не хапае медустаноў, а пабудаваць іх за сродкі абласнога бюджэту праблематычна, Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю мясцовых улад, каб прыбытковыя прадпрыемствы вобласці штомесячна адлічвалі на гэтыя мэты 1,25 працэнта выручкі ў выглядзе спонсарскай дапамогі.

Паводле разлікаў спецыялістаў, сабраных за два гады грошай павінна хапіць на завяршэнне будаўніцтва радзільні гарадской бальніцы СМП, а таксама на кардыяхірургічны корпус абласной бальніцы і паліклініку ў Казіміраўцы. Нашы карэспандэнты зазірнулі на будоўлю паліклінікі і даведаліся, як ідуць работы.

Новая паліклініка сапраўды вельмі неабходная Магілёву. Яна дазволіць максімальна аператыўна аказваць медыцынскую дапамогу 37 000 жыхароў мікрараёнаў Казіміраўка, Спадарож-нік і найбліжэйшых па-сёлкаў. Цяпер большасць з іх абслугоўваюцца ў паліклініцы №3, на якую лягла значная нагрузка.

Галоўны ўрач Святлана Шупікава расказвае:

— Акрамя дарослай паліклінікі, у новай медустанове размесцяцца дзіцячае аддзяленне і падстанцыя хуткай дапамогі. Плануем падзяліць патокі хворых і здаровых пацыентаў, арганізаваць працу электроннай чаргі. Таксама прадугледжаны паступовы пераход ад папяровай да электроннай амбулаторнай карты, куды аператыўна будуць заносіцца вынікі абследаванняў.

Да паслуг пацыентаў — рэнтгеналагічнае і стаматалагічнае аддзяленні, два аддзяленні ўрача агульнай практыкі, аддзяленні прафілактыкі і жаночай кансультацыі, а таксама аддзяленне рэабілітацыі з водалячэбніцай і кабінетам спелеалячэння. У паліклініцы ўсталююць ортапантамограф і мамограф, абсталююць сучасную клініка-дыягнастычную лабараторыю.

Што вельмі важна, медустанову здадуць у эксплуатацыю ў тры разы хутчэй нарматыўнага тэрміну — ужо ў лістападзе. На якасць будаўніцтва гэта ніяк не паўплывае, запэўніў генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст №12» СУ-60 Дзмітрый Марозаў:

— Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 36 месяцаў, але, каб зняць сацыяльную нагрузку ў мікрараёне і скараціць кошт работ, была пастаўлена задача рэалізаваць праект хутчэй. Да працы мы прыступілі ў верасні мінулага года і завершым аб’ект цяперашняй восенню. Наша арганізацыя ўжо мае такі вопыт: на сем месяцаў раней тэрміну мы пабудавалі ў Казіміраўцы разумную школу на 1020 вучняў. Нараканняў па ёй няма.

Будынак досыць вялікі — на 16 000 квадратных метраў, што супастаўны з дзесяціпавярховым жылым домам на шэсць пад’ездаў. Але медустанова — больш складаны інжынерны аб’ект, падкрэслівае Дзмітрый Марозаў:

— Урачы доўга ўзгаднялі заданне на праектаванне, каб усё адпавядала самым сучасным патрабаванням, было зручна пацыентам і медперсаналу. Усе паверхі нетыповыя плюс маецца шмат звязаных з гэтым работ. Неабходна ўвязаць складаныя інжынерныя сістэмы, якія будуць бесперабойна выконваць свае функцыі.

Работы на аб’екце вядуцца кругласутачна і практычна без выхадных. Штодня ў тры змены тут працуе каля 250 будаўнікоў, у пікавыя перыяды іх колькасць павялічваецца да 400—450 чалавек.

Узвядзенне сяміпавярховага будынка ўжо завершана, чарнавое аздабленне таксама выканана.

— Цяпер манціруем вентыляваны фасад з металакасет і пракладваем інжынерныя сеткі, паралельна займаемся чыставым аздабленнем унутры памяшкання, — пералічвае старэйшы прараб Сяргей Дзюк. — Тынкуем, робім сцяжку, вядзём кладку пліткі, шпаклюем сцены, фарбуем столі. На 90 працэнтаў гатовы дах.

Графік работ цалкам вытрымліваецца. Шмат у чым гэта дзякуючы камерам відэаназірання, што ўсталяваныя з двух бакоў будынка і ўнутры. Той факт, што кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі ў любы момант можа сачыць за працэсам анлайн, павышае працоўную дысцыпліну. Пад кантролем паліклініка і ў мясцовых жыхароў. Многія падыходзяць і цікавяцца, калі аб’ект запусцяць у эксплуатацыю. Вельмі чакаюць яго і тыя, хто будзе тут працаваць.

Першую чаргу — дзіцячую паліклініку і лабараторыі — будаўнікі абяцаюць здаць у пачатку жніўня. Дарослую паліклініку разам з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі завершаць у лістападзе.

Новая паліклініка абыйдзецца амаль у 48 мільёнаў рублёў. Прычым на ўзвядзенне «каробкі» з усімі аздабленнямі спатрэбіцца каля 30 мільёнаў, астатнія грошы пойдуць на медыцынскае абсталяванне.

СБ
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая