Удачы, абітурыенты!
У рабят будзе шэсць дзён, каб падаць дакументы ў прыёмную камісію - іх прымуць да 17 ліпеня. На некаторыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю і ў ВНУ сілавых структур выдзяляецца на пару дзён больш (гл. інфаграфіку). Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Пішчоў абазначыў самыя важныя асаблівасці цяперашняга сезона.
Падрыхтоўка кадраў пад запыт
У Беларусі ўстаноўлены кантрольныя лічбы прыёму ў ВНУ: 31,8 тыс. студэнтаў бюджэтнай і 16,4 тыс. - платнай формы навучання. Больш за ўсё бюджэтных месцаў дастанецца інжынерам, педагогам, медыкам і аграрыям. Для будучых інжынераў адводзіцца 7,5 тыс. бюджэтных месцаў, педагогам выдзелена 3,9 тыс., медыкам - 2,9 тыс., аграрыям - 2,8 тыс.
- Прыярытэты дзяржавы на бліжэйшыя пяць гадоў сканцэнтраваны на падтрымцы рэальнага сектара эканомікі і рэгіянальным развіцці, - удакладняе Сяргей Пішчоў. - Сістэма адукацыі адаптуецца пад важныя задачы, што кожны год адлюстроўваецца ў планах прыёму. Абітурыентам, у тым ліку і будучым, трэба прымаць у разлік гэтую тэндэнцыю - яна носіць доўгатэрміновы характар.
Спецыяльнасці заўтрашняга дня
Абітурыентам гэтага года ВНУ прапануюць больш за 10 новых спецыяльнасцей на стыку некалькіх дысцыплін. У кожнай зроблены акцэнт на міждысцыплінарным напрамку. У асобных выпадках выпускнік атрымлівае прафесію, якая дае магчымасць быць запатрабаваным у розных сферах прафесійнай дзейнасці. Эксперт тлумачыць:
- Сёння мы бачым запатрабаванасць на рынку працы спецыялістаў, якія валодаюць ведамі адразу ў некалькіх напрамках. Сучасны свет характарызуецца імклівым развіццём тэхналогій, навукі і інавацый. Новыя адкрыцці часта адбываюцца на скрыжаванні розных абласцей ведаў. Напрыклад, біяінжынерыя аб'ядноўвае біялогію і тэхніку, ствараючы ўнікальныя магчымасці для медыцыны і біятэхналогій. Такія спецыялісты могуць вырашаць комплексныя праблемы і ствараць новыя прадукты і паслугі. Таму мы актыўна развіваемся ў гэтым напрамку.
У электронным фармаце
Упершыню можна будзе забраніраваць час падачы дакументаў у прыёмныя камісіі ВНУ з дапамогай анлайн-сэрвісу. Схема афармлення наступная: абітурыент заходзіць у асабісты кабінет на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, выбірае зручную дату і час наведвання прыёмнай камісіі. Калі абітурыент, напрыклад, здаваў ЦЭ па фізіцы або матэматыцы, але раптам захоча зарэгістравацца ў лінгвістычнае ВНУ, то праграма аўтаматычна не дазволіць яму гэта зрабіць. Падаць дакументы адразу ў некалькі ВНУ нельга, але праз электронную чаргу можна будзе выбраць у парадку ўласнага прыярытэту любыя тры ВНУ, факультэты і спецыяльнасці, куды плануеце несці дакументы. Гэта на выпадак, калі зменяцца перавагі.
- Імкнемся распрацоўваць сэрвісы і алгарытмы, якія робяць працэс паступлення больш камфортным і зручным, - кажа Сяргей Пішчоў.
- Плануем, што электронная чарга істотна зменшыць час чакання абітурыентаў пры падачы дакументаў, асабліва ў першы і апошні дні працы прыёмных камісій. Пры гэтым, нагадаю, захавана магчымасць падачы дакументаў у парадку жывой чаргі.
Першы выпуск інжынерных класаў
У гэтым годзе адбыўся першы маштабны выпуск вучняў профільных інжынерных класаў. У іх ёсць права паступаць у ВНУ без экзаменаў па выніках сумоўя больш як на 70 інжынерных і педагагічных спецыяльнасцей.
- Па такой траекторыі мы ўжо прымаем рабят з педагагічных, аграрных, ваенна-патрыятычных, спартыўна-педагагічных класаў, - дапаўняе прадстаўнік Мінадукацыі.
— Важна ўдакладніць: абітурыента дапусцяць да сумоўя толькі ў выпадку паспяховай вучобы: у атэстаце адзнакі павінны быць не ніжэйшыя за 8 балаў па вучэбных прадметах, адпаведных прадметах профільных выпрабаванняў, і не ніжэйшыя за 7 балаў па астатніх прадметах. Акрамя таго, маладыя людзі павінны будуць прадставіць рэкамендацыю педсавета. Гутарка праводзіцца ў вуснай форме па вучэбнай праграме факультатыўнага занятку.
Зрабіць ход канём
Магчымасць падаваць дакументы адразу ў дзве ВНУ рэалізуецца кропкава - пры паступленні ў Акадэмію МУС і Магілёўскі інстытут МУС. У іх адзіная прыёмная кампанія - агульны конкурс.
Пры гэтым асобныя ВНУ практыкуюць прыём на групу роднасных напрамкаў. У гэтым выпадку абітурыент у заяве ўказвае не адну спецыяльнасць, а пералік у парадку прыярытэту, які таксама ўстаноўлены правіламі прыёму. Аднак не забараняецца перападаць дакументы з адной ВНУ ў іншую ў перыяд прыёму дакументаў.
Маладыя людзі могуць аператыўна адсочваць ход прыёму дакументаў на сайтах ВНУ, а таксама на інфармацыйных стэндах непасрэдна ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны працоўны дзень не радзей за адзін раз у тры гадзіны падчас працы прыёмнай камісіі — у 12:00, 15:00 і 18:00. У апошні дзень прыёму графік абнаўлення адрозніваецца: у 10:00, 12:00, 15:00 і 17:00. У дзень, які ідзе за апошнім днём прыёму дакументаў, канчатковае інфармаванне абітурыентаў адбудзецца не пазней за 12:00.
Як да маніторыць падачу дакументаў?
На сайце ВНУ знайдзіце патрэбную спецыяльнасць; форму навучання (дзённая, завочная, дыстанцыйная); інтэрвал балаў (напрыклад: 100 - 120, 130 - 150 і г.д.), у які трапляе ваша сума (2 ЦЭ + 1 ЦТ + атэстат або 3 ЦТ + атэстат або дыплом каледжа). Паглядзіце, колькі чалавек ужо падалі дакументы з сумай балаў вышэй за вашу. У адпаведнасці з планам прыёму ацаніце свае шанцы на залічэнне. Калі ўдзельнічаеце ў агульным конкурсе на групу спецыяльнасцяў, сачыце ў першую чаргу за першай (прыярытэтнай) спецыяльнасцю, а затым - за ходам прыёму дакументаў на іншыя.
Пры ўзнікненні дадатковых пытанняў звяртайцеся ў прыёмную камісію ўніверсітэта — вам дапамогуць.
ВАЖНА!
Кошт платнага навучання ў вышэйшых навучальных установах і каледжах у 2025/26 навучальным годзе застанецца ранейшым. Сярэдні кошт навучання складае прыкладна 4 тысячы рублёў за адзін навучальны год. У вядучых ВНУ - ад 4,5 тысячы. Міністр адукацыі Андрэй Іванец у каментары БЕЛТА адзначыў:
- Мы практычна два гады не паднімалі кошт навучання, і на гэты навучальны год прынята рашэнне захаваць яго на тым жа ўзроўні. Гэта датычыцца як устаноў сярэдняй спецыяльнай, так і вышэйшай адукацыі. Сёння дзяржава стварае ўсе неабходныя ўмовы для тых, хто хоча атрымаць якасную вышэйшую адукацыю. І кожны малады чалавек, які скончыць навучанне на платнай форме, па сваім жаданні зможа атрымаць статус маладога спецыяліста, першае гарантаванае працоўнае месца, каб адбыцца як прафесіянал.
ДАРЭЧЫ
Паступіць у беларускія ВНУ на бюджэт без уступных іспытаў змогуць і расійскія абітурыенты на падставе вынікаў АДЭ. Адпаведнай пастановай Мінадукацыі ўстаноўлены пералік універсітэтаў і спецыяльнасцей, а таксама колькасць бюджэтных месцаў для расійскіх абітурыентаў. У гэтым годзе выдзелена больш за 850 бюджэтных месцаў. Найбольшая колькасць - у інжынерным і аграрным профілях. Усяго даступна 131 спецыяльнасць у 30 універсітэтах. Таксама ў абітурыентаў з Расіі ёсць магчымасць паступіць у нашы ВНУ па выніках ЦТ.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.07.2025 - 17:16
11.07.2025 - 16:57
У Магілёўскай вобласці створана каманда хлебаробаў з работнікаў МНС
11.07.2025 - 10:55