RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ваенна-спартыўная эстафета і салдацкі квіз: 200 навучэнцаў пазнаёмяцца з армейскім побытам у Магілёве

Больш за 200 навучэнцаў з усяго рэгіёна 29 кастрычніка стануць удзельнікамі дня адчыненых дзвярэй у інжынернай вайсковай частцы 72471 у Магілёве. Для хлопцаў падрыхтуюць ваенна-спартыўную эстафету і інтэрактыўны квіз, а таксама пачастуюць салдацкай кашай, аб чым расказаў намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай рабоце гвардыі падпалкоўнік Максім Чарнабабін.

«Такія мерапрыемствы важныя для падрастаючага пакалення, – падкрэсліў Максім Чарнабабін. – Сёння многія дзеці ведаюць пра армію вельмі мала, ім цікава ўбачыць, як усё арганізавана знутры. Таксама моладзі даносіцца разуменне, што прафесія абаронцы Айчыны – важная, значная, цікавая і, што немалаважна, яна добра аплачваецца. Яна дае і кар’ерны рост, і перспектывы, і магчымасць самаўдасканалення. Таму дні адчыненых дзвярэй не толькі патрыятычнае выхаванне, але і прафарыентацыя».

Праграма мерапрыемстваў разлічана на цэлы дзень. За гэты час хлопцы цалкам акунуцца ў вайсковыя будні: навучацца выконваць страявыя прыёмы, аказваць першую медыцынскую дапамогу і транспартаваць параненага, азнаёмяцца з воінскім абмундзіраваннем, узбраеннем і тэхнікай, а таксама абавязкова даведаюцца аб распарадку дня вайскоўца і паспрабуюць на смак салдацкую кухню. Акрамя таго, падлеткі паўдзельнічаюць у квэст-гульні «Арміі воін – славы варты», пройдуць ваенна-спартыўную эстафету, наведаюць інтэрактыўныя пляцоўкі і тэматычны канцэрт «Мы – патрыёты».

«Прымерыць на час вайсковую форму, пастраляць з электроннага аўтамата, паспрабаваць салдацкую кашу – для дзяцей гэта заўсёды цікава і займальна, – адзначыў Максім Чарнабабін. – З асаблівым захапленнем праходзяць заняткі на тэхніцы, дэманстрацыя спецыялізаванага абсталявання, якое хлопцы могуць самі выпрабаваць. Любяць школьнікі прымяраць бронекамізэлькі і шлемы, фатаграфавацца з рацыяй або мінашукальнікам. Нават дзяўчынкі пасля такіх экскурсій не застаюцца абыякавымі».

На дні адчыненых дзвярэй упершыню будзе арганізавана занальная сустрэча з настаўнікамі дапрызыўнай падрыхтоўкі, удзельнікамі якой стануць 30 педагогаў. Яны абмяняюцца перадавым вопытам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучнёўскай моладзі. Хлопцы наведаюць музей вайсковай часткі 72471. Тут правядуць заняткі «Беларусь – край мужнасці і баявой славы», а таксама пазнаёмяць з выставай, прысвечанай генацыду беларускага народа.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая