RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Валерый Малашка «Залаты шлягер» будзе развівацца, захоўваючы традыцыйныя асновы

«Залаты шлягер» будзе развівацца, захоўваючы традыцыйныя асновы. На гэта звярнуў увагу падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Музычнае свята, якое праходзіць у абласным цэнтры раз на два гады, пастаянна дапаўняюць новыя фарбы. Аднак лейтматывы форума застаюцца нязменныя. «Мы захавалі фестываль у сценах Палаца культуры вобласці, – адзначыў Валерый Малашка. – Сёння ён абноўлены тэхнічна і адпавядае самым высокім райдарам. Створана ўтульнасць як для артыстаў, так і гледачоў у плане акустыкі, рэалізацыі сцэнічных вобразаў. Важна, што, пашыраючы геаграфію, мы не забываемся пра творчасць, на якой выхоўваліся, перадаем вопыт маладому пакаленню. Цяперашнія артысты часта выкарыстоўваюць рэпертуар папярэдніх гадоў і нават дзесяцігоддзяў, і ўсе ад гэтага атрымліваюць станоўчыя эмоцыі, бо гэтыя мелодыі і словы адпавядаюць душэўным настроям, уласцівым любому чалавеку».

Валерый Малашка выказаў шкадаванне з нагоды адсутнасці на сённяшнім фестывалі конкурсу маладых выканаўцаў, які ў свой час адкрыў нямала зорных імёнаў айчыннай эстрады. Аднак пытанне аб яго аднаўленні будзе прапрацоўвацца. І, магчыма, ужо на наступным форуме юныя артысты нашага рэгіёна змогуць прадэманстраваць сваё майстэрства. Бо на Магілёўшчыне ўдалося захаваць цэлую палітру фестывальнага руху. Дзякуючы вопыту ўдзелу ў такіх мерапрыемствах, майстэрства нашай моладзі расце, складаючы годную канкурэнцыю сапернікам на міжнародным узроўні.

Канцэпцыя сённяшняга «Залатога шлягера», паводле слоў намесніка старшыні, распрацоўвалася з улікам разнастайных пераваг і ўзростаў гледачоў. І яна аказалася ўдалай, пра што сведчыць запатрабаванасць квіткоў на канцэрты форума. У касах да моманту пачатку музычнага свята не было ніводнага незапатрабаванага квітка. «Сёлета ўпершыню доля заробленых рэсурсаў перавысіла ўкладзеныя бюджэтныя сродкі, – адзначыў Валерый Малашка. – Аднак гэта не значыць, то на «Залатым шлягеры» можна зарабляць. Каб гэта зрабіць, кошт білетаў трэба як мінімум патроіць. Але тады мы страцім самага шчырага, трапяткога гледача. Ні адзін фестываль апрыёры не будзе акупляцца. Асобна ўзяты канцэрт – так. Але калі хочам прывабіць палітру імёнаў, убачыць пэўную геаграфію краін, паказаць гісторыю развіцця песні, мы павінны ўкладваць рэсурсы, як гэта робяць у любой іншай дзяржаве».

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Сцельмашок дадаў, што на канцэрты «Залатога шлягера» набывалі квіткі як магілёўцы, так і жыхары іншых гарадоў Беларусі. Такая зацікаўленасць – паказчык узроўню фестывалю. Дарэчы, сусветна вядомы французскі джазавы акардэаніст Рышар Гальяна на форуме выступіць у суправаджэнні аркестра народных інструментаў імя Л. Л. Іванова. Гэта вялікі гонар і прызнанне высокага майстэрства нашага калектыву.

Арганізацыя фестывалю запатрабавала нямала сіл, расказала мастацкі кіраўнік Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Яфімук. Усіх сакрэтаў яна не раскрыла, аднак заўважыла: артысты – людзі творчыя, па-свойму ранімыя, але з кожнай стараліся знайсці агульную мову. Каб госці засталіся задаволенымі знаходжаннем у горадзе, а гледачы атрымалі максімум прыемных і добрых эмоцый, прапрацоўвалася ўсё да дробязяў, якіх у райдарах было нямала. Гэта і пэўная каляровая гама інтэр’ераў у пакоях, і перавагі ў ежы.

Варта заўважыць, што прэс-канферэнцыя праходзіла ў абноўленай выставачнай зале Палаца культуры вобласці. Тут на працягу ўсяго фестывалю будзе працаваць некалькі выстаў, з якімі могуць азнаёміцца гледачы, якія прыйшлі на канцэрты форума. У іх ліку выстава філатэлістаў, арганізаваная па ініцыятыве Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта», экспазіцыя «Па старонках “Залатога шлягера”» мінулых гадоў», якая ўключае здымкі, прадастаўленыя інфармацыйным агенцтвам «Магілёўскія ведамасці». Таксама цікавыя карціны, створаныя ў творчай мастацкай лабараторыі музычнага свята. Традыцыйна вядомыя артысты, якія прыязджаюць на фестываль, пакідаюць магілёўцам на памяць свой маляўнічы аўтограф. Спевакі і музыканты пад кіраўніцтвам прафесійнага мастака Анатоля Концуба ўжо стварылі больш за 50 карцін. Паколькі артысты абмежаваныя ў часе, ім прапануюць маляўнічыя нарыхтоўкі, якія яны дапісваюць, ператвараючы ў скончаныя творы. Крысціна Арбакайтэ і Ігар Нікалаеў, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Бары Алібасаў і гурт «На-на», Анатоль Ярмоленка і Алеся, Аляксандр Панаётаў і Радзівон Газманаў, легендарны гурт «Boney M» і многія іншыя вядомыя выканаўцы з Расіі, Беларусі, далёкага замежжа пакінулі ў горадзе на Дняпры часцінку свайго таленту. Дарэчы, традыцыя стварэння жывапісных аўтографаў будзе працягнутая і на «Залатым шлягеры – 2019».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая