RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Важна ўмацоўваць сувязь паміж уладай і грамадствам, дзяржавай і грамадзянамі, цэнтрам і рэгіёнамі - Вадзім Гігін

Акцыя «Беларусь адзіная» завяршае шэсце па рэгіёнах. Магілёў стаў пятым пунктам у інфармацыйна-асветніцкім маршруце. У адкрытую размову па самых актуальных і часам вострых пытаннях у Беларуска-Расійскім універсітэце ўключыліся каля 300 чалавек: прадстаўнікі працоўных і навучальных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый.

- Напярэдадні вялікага электаральнага цыкла наспела неабходнасць пагаварыць з людзьмі, - адзначыў старшыня РДГА «Беларускае таварыства «Веды», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін. - За апошні час прынялі новую рэдакцыю Канстытуцыі, законы аб УНС, аб грамадзянскай супольнасці, аб палітычных партыях. Чатыры партыі прайшлі перарэгістрацыю, ідзе актыўны працэс фармавання і развіцця грамадскіх арганізацый, з'яўляюцца новыя ініцыятывы, такія як «Патрыёты Беларусі». Усё гэта патрабуе асэнсавання, таму ідзе такі шчыры дыялог.

Па словах Вадзіма Францавіча, праблемных момантаў падчас пэўных палітычных навацый не пазбегнуць: складанасці з рэгістрацыяй, юрыдычныя ці ідэалагічныя супярэчнасці, шматлікае іншае.

– Але замоўчваць іх нельга. Трэба пазначыць, даць неабходны экспертны каментар. Магчыма, нейкія праблемы варта вынесці на ўзровень Парламента ці нават Прэзідэнта. Канешне, падчас падобных сустрэч важна адказаць на пытанні з залы. Калі недзе мы не кампетэнтныя - адвезці іх у Мінск, разабраць і даць адказ. Гэта нармальная сістэма, частка беларускай мадэлі народаўладдзя - зваротная сувязь паміж уладай і грамадствам, паміж дзяржавай і грамадзянамі, паміж цэнтрам і рэгіёнамі. І гэтую сувязь важна ўмацоўваць, - падкрэсліў Вадзім Гігін.

Падчас адкрытага дыялогу яго ўдзельнікі не маглі не закрануць Дня народнага адзінства.

- Грамадскасці ўжо не трэба тлумачыць, што гэта за дата, магчыма, і ніколі не трэба было, - лічыць спікер. - Хутчэй за свята - гэта нагода пагаварыць, што для нас значыць патрыятызм і адзінства беларускага грамадства. Дадзеная размова ніколі не састарэе, але, у адрозненне ад гэтай акцыі ў 2021 ці 2022 годзе, сёння мы гаворым пра будучыню, пра палітычныя перспектывы Беларусі. У любым грамадстве заўсёды ёсць людзі, якія з намі не згодны. І гэтую дыскусійнасць трэба захаваць. Пытанне ў іншым: нельга дапушчаць росты экстрэмізму і радыкалізму. Важная атмасфера даверу, разумення, дыскусійнасці, разумнай крытычнасці, тады працэс палітычнага развіцця краіны будзе кіраваны. Якраз сфармуем тую самую суверэнную дэмакратыю – нашае беларускае народаўладдзе, сімвалам якога з'яўляецца Усебеларускі народны сход.

Загадчык аддзела праграмнай і арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Анастасія Краўцова задаволена пачутым:

- Вельмі чакала сустрэчу, каб паслухаць парадак дня, даведацца пра меркаванне экспертаў наконт пэўных падзей і тэндэнцый. Хутка Дзень народнага адзінства, і, на мой погляд, мы ўсе якраз павінны быць адзіныя ў неабыякавасці да сучаснасці і будучыні краіны, пры гэтым шанаваць нашы дасягненні і гісторыю!

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая