RU BY EN 中文
Twitter Instagram

VII Міжрэгіянальнае свята-конкурс «Зялёныя святкі» пройдзе 16 чэрвеня ў Чавускім раёне

VII міжрэгіянальнае свята-конкурс «Зялёныя святкі» пройдзе 16 чэрвеня на крыніцы Байкава Чавускага раёна, паведамілі ў райвыканкаме.

Адкрые фестываль аднайменная праграма, якую прадставіць Дужаўскі сельскі Дом народнай творчасці. Пасля пачнецца конкурс рэгіянальных карагодаў і гульнявых момантаў абрада «Кумленне».

«На ўдзел у творчым спаборніцтве ўжо падалі заяўкі клубы аматараў народных песень «Прысожжа» Лабковіцкага СДК ГУК «ЦКС Крычаўскага раёна» і «Рэчанька» Машчаніцкага СК ГУК «ЦКС Бялыніцкага раёна», а таксама 3 калектывы ГУК «ЦКС Чавускага раёна»: народны ансамбль народнай песні «Раніца» Каменскага СДНТ, народны фальклорны ансамбль «Спадарыня» РЦКіД, дзіцячая вакальная група «Забава» Гарбавіцкага СДНТ, – адзначылі суразмоўцы. – Прыём заявак працягнецца да 10 чэрвеня ўключна».

Па выніках выступленняў журы вызначыць пераможцаў. Найлепшых узнагародзяць дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Прадугледжаны ўзнагароды ў спецыяльных намінацыях: «Захаванне і развіццё традыцый мясцовага напрамку», «Пераемнікі традыцый», «Традыцыйны рэгіянальны пачастунак».

На свяце будзе працаваць выстава-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гасцей мерапрыемства таксама запросяць пачаставацца стравамі традыцыйнай кухні, пацешыцца на спартыўных і дзіцячых пляцоўках. Падчас мерапрыемства адбудзецца асвячэнне крыніц, пасля чаго кожны зможа набраць крынічнай вады і акунуцца ў купель «для ачышчэння цела і духу». Завершыцца фестываль канцэртам вядучых калектываў раёна.

Для жадаючых наведаць свята ў 10.00 ад аўтастанцыі ў Чавусах адправіцца аўтобус па маршруце Чавусы – Байкава – Чавусы. Назад ён выязджае ў 16.00.

Свята «Зялёныя святкі» заснавана на нацыянальных традыцыях. Здаўна на Беларусі ў канцы мая – пачатку чэрвеня праводзіцца цыкл абрадаў, прымеркаваных да народнага свята Троіца (Сёмуха). У гэты дзень беларусы вітаюць росквіт прыроды карагодамі, песнямі, танцамі і варожбамі. Галоўным атрыбутам свята з’яўляюцца бярозавыя галінкі – сімвал жыцця – і першыя кветкі.

Мерапрыемства праводзіцца штогод з 2013 года з мэтай адраджэння, захавання самабытнай фальклорнай культуры і традыцый рэгіянальнага характару, іх папулярызацыі і актуалізацыі ў сучасным грамадстве, а таксама далучэння падрастаючага пакалення да традыцыйнай культуры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая