RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Віктар Каранкевіч: для развіцця энергасістэмы неабходныя лічбавізацыя і аўтаматызацыя

Перспектывы развіцця газавай галіны – лічбавізацыя і атаматызацыя тэхналагічных працэсаў. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч падчас рабочай паездкі на Магілёўскую газанапаўняльную станцыю філіяла ПУ «Магілёўгаз» РУП «Магілёўаблгаз».

Віктар Каранкевіч і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка азнаёміліся з працай станцыі, рэалізацыяй ключавых мерапрыемстваў па яе мадэрнізацыі. Пільная ўвага – пытанням аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў.

«Міністэрства энергетыкі надае вялікую ўвагу ўкараненню ў арганізацыях энергасістэмы сучасных тэхналогій аўтаматызацыі і лічбавізацыі тэхналагічных працэсаў. Гэта праца шырока арганізавана ў газавай галіне. Засваенне перадавых тэхналагічных рашэнняў ажыццяўляецца на ўсіх узроўнях – ад вытворчых працэсаў для забеспячэння надзейнасці і бесперабойнасці газазабеспячэння да сэрвісных цэнтраў для павышэння якасці абслугоўвання спажыўцоў, – падкрэсліў міністр энергетыкі. – Магілёўская газанапаўняльная станцыя – добры прыклад аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Тут укаранёна сістэма аўтаматычнай ідэнтыфікацыі, кантролю і ўліку балонаў звадкаванага газу на аснове прымянення маркіроўкі тары – нізкачастотных RFID-метак. Кожны балон мае свой электронны пашпарт, што дае магчымасць адсочваць увесь маршрут яго перамяшчэння – ад вытворчасці да пастаўкі спажыўцу».

Як адзначыў Віктар Каранкевіч, гэта пілотны праект. «У бягучым годзе дадзеная тэхналогія будзе ўкараняцца і на іншых газанапаўняльных станцыях краіны. Такім чынам будзе сфарміравана адзіная аўтаматызаваная сістэма, выкарыстанне якой дазволіць знізіць вытворчыя выдаткі, павысіць эфектыўнасць працы станцый і іх бяспеку».

Праведзеная мадэрнізацыя вытворчасці павысіла эфектыўнасць працы прадпрыемства, скараціла вытворчыя выдаткі, дапамагла ў засваенні новых тэхналогій. «Эксплуатуемыя і набытыя газавыя балоны атрымалі прывязку да электроннай базы даных па нумары. На кожны такі балон створаны электронны пашпарт з унесенымі характарыстыкамі», – растлумачыў галоўны інжынер РУП «Магілёўаблгаз» Ягор Ізергін.

На сённяшні дзень радыёчастотныя пазнакі ўсталяваны на 80,5 тыс. газавых балонаў – гэта 60% ад іх агульнай колькасці. Маркіроўку плануецца завяршыць да канца першага паўгоддзя бягучага года. Гэта дазволіць забяспечыць поўную аўтаматызацыю працэсу напаўнення балонаў і іх дастаўкі насельніцтву.

Магілёўская газанапаўняльная станцыя вырабляе звадкаваны газ у балонах ёмістасцю 50, 27, 12 і 5 л. «У 2021 годзе аб’ём рэалізацыі звадкаванага газу вырас на 10,3% у параўнанні з папярэднім годам і склаў амаль 700 т», – адзначыў галоўны інжынер.

Праектная гадавая прадукцыйнасць станцыі складае амаль 20 тыс. т., у тым ліку ў балонах – 10 тыс. т. і 9,6 тыс. т для забеспячэння спажыўцоў звадкаванага вуглевадароднага газу, газіфікаваных ад рэзервуарных установак.

У перспектыве на ГНС будзе праводзіцца далейшая мадэрнізацыя, закупляцца сучаснае абсталяванне для зніжэння працавыдаткаў. Плануецца далейшае зніжэнне выдаткаў і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая