RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вялікі тэатр оперы і балета наведае з гастролямі Магілёў і Бабруйск

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адправіцца ў гастрольны тур па рэгіёнах краіны, паведамілі ў тэатры.

Так, 23 лютага тэатр прадставіць святочны канцэрт з удзелам артыстаў оперы і балета на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. А 26 лютага адбудзецца канцэрт «Музыка нашага кіно» ў Магілёўскай філармоніі. У ім возьме ўдзел квінтэт «Серэнада» і ўладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Акініна і Аляксандр Міхнюк. У іх выкананні прагучаць знакамітыя музычныя хіты з кінафільмаў «Вясёлыя рабяты», «Цырк», «Карнавальная ноч», «Сэрцы чатырох», «Вяселле з пасагам», «Восеньскі марафон», «Сямнаццаць імгненняў вясны», «Беражыся аўтамабіля», «Пецярбургскія таямніцы» і іншыя.

«Новая праграма, якую мы пакажам 26 лютага і 3 сакавіка ў Камернай зале нашага тэатра, – у пэўным сэнсе працяг канцэрта «Сэрца, табе не хочацца спакою», прадстаўленага гледачам некалькі гадоў таму. Гэта праграма, прысвечаная самым знакамітым старонкам сусветнага кінематографа, у тым ліку савецкага, карысталася вялікім поспехам, мы яе паказвалі не толькі ў сваім тэатры, але і на іншых канцэртных пляцоўках. Таму нарадзілася ідэя працягнуць праект», – заўважыла мастацкі кіраўнік квінтэта «Серэнада» Таццяна Траццяк.

Паводле яе слоў, калі яны ўзяліся за падрыхтоўку новай праграмы і пачалі паглыбляцца ў матэрыял, зразумелі, што музыкі са старога, добрага, любімага савецкага кіно хопіць на некалькі канцэртаў. «Мы прыйшлі да высновы, што трэба нагадаць нашым гледачам і слухачам пра тое, якая выдатная інструментальная музыка і якія выдатныя песні былі напісаны знакамітымі кампазітарамі менавіта для кіно. Некаторыя фільмы ўжо забытыя, але іх назвы можна ўспомніць менавіта дзякуючы песням, якія засталіся ў нашай памяці, – адзначыла мастацкі кіраўнік. – Тыя, хто сочыць за міжнародным музычным жыццём, ведаюць, наколькі папулярныя канцэрты, якія прысвечаны музыцы кіно і ўключаюць інструментальныя і песенныя кампазіцыі ў выкананні аркестра і вакалістаў. Я сама прымала ўдзел у падобных выступленнях. Публіка заўсёды прымае іх з вялікім энтузіязмам».

Квінтэт «Серэнада» быў створаны на базе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў 2007 годзе. У яго рэпертуары мноства самых папулярных і ўсімі любімых мелодый розных жанраў – ад класікі і лёгкага джаза да рускіх рамансаў і музыкі з кінафільмаў, а таксама папулярныя музычныя творы 1930-80-х гадоў.

Па матэрыялах БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая