RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выбарчая кампанія - 2024 увайшла ў актыўную фазу

Па дакладных правілах

Адзіны дзень галасавання пройдзе ў нашай краіне 25 лютага. Жыхары Беларусі абяруць тых, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветах дэпутатаў. Пачынаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Партыі, працоўныя калектывы праводзяць з'езды, зборы і канферэнцыі па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў. Працуюць ініцыятыўныя групы, пачынаецца збор подпісаў. Пра гэта, а таксама аб навацыях электаральнай кампаніі расказала сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Алена Балдоўская ў праграме «Панарама» тэлеканала «Беларусь 1».

 - Працэс і тэрміны рэгістрацыі ініцыятыўных груп завершаны. Пададзены заявы і зарэгістраваны 164 ініцыятыўныя групы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Па мясцовых Саветах дэпутатаў зарэгістраваны крыху больш за 11 тысяч ініцыятыўных груп асобамі, якія будуць збіраць подпісы ў падтрымку свайго вылучэння, - агучыла лічбы Алена Балдоўская. — Што да актыўнасці, то ў розных электаральных кампаніях розныя спосабы вылучэння, якія выкарыстоўваюцца. І кандыдат, які зарэгістраваў ініцыятыўную групу, мае права карыстацца іншымі спосабамі вылучэння. Працэдура вылучэння яшчэ працягваецца: ажно да 15 студзеня тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі будуць прымаць дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў. Адпаведна, яшчэ ёсць час выкарыстоўваць усе прадугледжаныя законам спосабы вылучэння.

Па словах Алены Балдоўскай, палітычныя партыі карыстаюцца ўсімі прадугледжанымі законам правамі, у прыватнасці ў перыяд выбараў дэпутатаў:

- Палітычныя партыі накіроўвалі сваіх прадстаўнікоў у склады тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Да канца студзеня будуць утварацца ўчастковыя выбарчыя камісіі. Я думаю, у іх складзе ў абавязковым парадку будуць прадстаўнікі ў тым ліку і палітычных партыяў. Цяпер ідзе актыўна працэс вылучэння, палітычнымі партыямі праводзяцца з'езды, сходы арганізацыйных структур, у тым ліку па вылучэнні. Канчаткова ўзровень актыўнасці з боку палітычных партый мы зможам ацаніць, маючы ўжо канкрэтныя лічбы пасля завяршэння, напрыклад, працэсу вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад іх.

Адзіны дзень галасавання для грамадзян краіны - асноўная навацыя электаральнай кампаніі. Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі пазначыла і іншыя:

- Для простага выбаршчыка істотных адрозненняў няма, за выключэннем большай колькасці бюлетэняў, якія будуць прапанаваны грамадзянам на ўчастках у сельскай мясцовасці. Па сутнасці, гэта выбары дэпутацкага корпуса, і выбарчая сістэма была аптымізавана - мы эканомім і свой час, і выбаршчыка для арганізацыі і правядзення выбараў.

Алена Балдоўская дадала, што ў Выбарчы кодэкс унесены некаторыя новыя паўнамоцтвы ЦВК: камісія пачала больш актыўна ўзаемадзейнічаць з электаратам, прыцягваць да выбарчага права моладзь, праводзіць тлумачальную работу аб выбарах, іх важнасці для кожнага грамадзяніна.

- Што тычыцца новаўвядзенняў у працэсуальных момантах, то яны больш датычацца арганізатараў выбараў, а не выбаршчыкаў. На ўчастках для галасавання будуць створаны аптымальныя ўмовы для таго, каб выбаршчыку было ўсё зразумела, даступна і зручна, - рэзюмавала сакратар ЦВК Беларусі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая