RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выхаваць не спажыўцоў, а стваральнікаў – такую мэту ставіць перад сабой настаўнік з Крычава Дар’я Манюхіна

Калі каля двух гадоў таму яна прыбыла на працу, здзіўлены былі і настаўнікі, і вучні: за 43 гады існавання школы гэта быў першы «трудавік у спадніцы». На выбар прафесіі паўплывала, як кажа Дар’я, правільнае дзяцінства – бацькі прывілі любоў да працы:

– У нашай сям’і (родам я з вёскі Мірнае Крычаўскага раёна) усе былі працавітымі. У 10 гадоў я ўжо пілавала-калола дровы для бабулі, у 15 з малодшымі братамі Мікітам і Даніілам майстравала на дрэве дом для гульняў. А цяпер стараюся абудзіць цікавасць да працы і творчасці ў школьнікаў – выхоўваць іх не спажыўцамі, а стваральнікамі. Бо навыкі, атрыманыя на ўроках, абавязкова спатрэбяцца ім у будучым, калі не ў прафесіі, то ў побыце.

Манюхіна спрытна валодае як пілой і гэблем, так і станкамі – дрэваапрацоўчым, такарным. Дзецям з Дар’яй Васільеўнай сумаваць не прыходзіцца. Яна скончыла ў свой час школу мастацтваў і выдатна малюе, таму накідаць эскізы для новых трафарэтаў для яе не праблема. З іх дапамогай вучні пераносяць малюнак на фанеру, выразаюць фігуркі. Ствараюць тут і макеты караблёў, робяць шпакоўні. На школьным двары развесілі ўжо амаль два дзясяткі домікаў для птушак.

– Падстаўкі для алоўкаў, апрацоўчыя дошкі, указкі, – не без гонару дэманструюць свае работы сямікласнікі Павел Малахаў, Багдан Баргуцін і Сцяпан Зуйкоў. – Вельмі падабаецца майстраваць з дрэва, а потым прыемна дарыць родным і сябрам тое, што зроблена сваімі рукамі.

У мінулым годзе школьнікі ўдзельнічалі ў акцыі «Трагедыя спаленых вёсак» – стварылі макет падворку спаленай фашыстамі восенню 1941-га вёскі Антонаўка. «Аднавілі» яго па архіўных запісах і ўспамінах мясцовых жыхароў краязнаўцы, музейшчыкі і педагогі. Падобныя праекты, лічыць Дар’я Манюхіна, важныя не толькі для выхавання цікавасці да працы:

– Удзел у такіх акцыях дапамагае дзецям усвядоміць глыбіню трагічных падзей, падахвочвае да вывучэння роднага краю, выхоўвае павагу да гістарычнай памяці. Мой прадзед Ілья Дзям’янаў шмат расказваў пра вайну, пра родную вёску, якую таксама знішчылі карнікі.

Кажуць, што творчы чалавек – творчы ва ўсім. Дар’я таму пацверджанне. Яна іграе на фартэпіяна і на рарытэтным, яшчэ прабабуліным, баяне. Прэзентацыю для маладых настаўнікаў абласнога конкурсу у 2021-м «Прызванне – педагог» падрыхтавала выдатную – стала найлепшай на раённым этапе, а ў фінале падзяліла першае месца з настаўнікам музыкі з Магілёва ў намінацыі «Музыка, выяўленчае

мастацтва, мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізкультура, дапрызыўная падрыхтоўка».

– Мне пашанцавала з настаўнікам: «трудавік» Віктар Краўчанка, да якога я ў 2019 годзе трапіла на практыку, навучыў многаму, – з удзячнасцю ўспамінае калегу Манюхіна. – Спадзяюся, і мне ўдасца ўлюбіць дзяцей у свой прадмет, прывіць ім працавітасць праз карысныя ўменні і навыкі, каб у іх былі дадатковыя магчымасці ў жыцці для самаўдасканалення.

Не збіраецца спыняцца на дасягнутым Дар’я. У школу яна прыйшла пасля заканчэння індустрыяльна-педагагічнага каледжа, плануе атрымаць вышэйшую адукацыю:

– Моладзь павінна быць актыўнай, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і дасягаць іх. Яна павінна, як сказаў Прэзідэнт, рухаць краіну наперад. І я не хачу быць у баку ад гэтага.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая