RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выніковае паседжанне прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа прайшло ў Магілёве

Выніковае пасяджэнне прэзідыума Магілёўскай абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» адбылося сёння ў аблвыканкаме. Удзел у ім узялі старшыня прэзідыума, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, першы намеснік Генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Сяргей Шагун, старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Мартыноўскі.

У рэгіёне шмат зроблена па ўмацаванні і ўдасканаленні арганізацыйнага патэнцыялу аб'яднання. Створана развітая структура, якая прадстаўлена абласной і 25 раённымі арганізацыямі і 1401 «пярвічкай» БТЧК. Забяспечаны дастойны ахоп членствам - мэты і задачы арганізацыі падзяляюць 18% колькасці насельніцтва вобласці.

«Сёння мы падводзім вынікі працы за 2023 год і вызначаем прыярытэтныя кірункі дзейнасці і задачы на бягучы год. Трэба сказаць, што ў 2023 годзе намаганні ўсёй абласной арганізацыі былі накіраваны на рэалізацыю напрамкаў дзейнасці пэўных стратэгій Чырвонага Крыжа да 2026 года, - распавёў Андрэй Мартыноўскі. - Зроблена дастаткова шмат. Сёстры міласэрнасці нашай медыка-сацыяльнай службы «Дапамога», аказвалі медыцынскую, сацыяльную дапамогу, дапамогу па доглядзе адзінокім пажылым грамадзянам, якія маюць патрэбу ў пабочным доглядзе, інвалідам 1 і 2 групы. На дадзены момант у нас на абслугоўванні знаходзіцца 52 падапечныя. Пастаянна працуем над якасцю і даступнасцю нашых медыцынскіх і сацыяльных паслуг, над узроўнем падрыхтоўкі персаналу медыка-сацыяльнай службы. Вядома, глядзім наперад, плануем пашыраць службу, падвышаць якасць і даступнасць паслуг.

Таксама мы распаўсюджвалі веды аб міжнародным руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, аб асновах міжнароднага гуманітарнага права, аказвалі медыцынскую і сацыяльную дапамогу, рэагавалі на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі, папулярызавалі і развівалі валанцёрства, умацоўвалі свой арганізацыйны патэнцыял. Рабілі гэта шляхам падрыхтоўкі нашых інструктараў, шляхам інфармавання насельніцтва сіламі супрацоўнікаў і валанцёраў. Вялікі ўклад у развіццё гэтага напрамку ўнёс і наш маладзёжны клуб па распаўсюджванню міжнароднага гуманітарнага права, які функцыянуе на базе МДУ ім. А.А. Куляшова. У наступным годзе мы ўскладаем на моладзь яшчэ большыя спадзяванні. Плануем арганізаваць падобны клуб на базе БДСГА і, вядома, прыцягваць да гэтай працы ўсё больш хлопцаў, усё больш навучальных устаноў».

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці арганізацыі застаецца рэагаванне на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі. «Традыцыйна - гэта спякота і маразы. Функцыянуе і наша каманда хуткага рэагавання па надзвычайных і крызісных сітуацыях, - працягнуў старшыня арганізацыі. - Каманда вырасла колькасна, на дадзены момант у яе складзе 24 чалавекі. Мы працавалі над навучаннем, якасцю падрыхтоўкі персанала. Удзельнікі забяспечаны ўсім неабходным - сродкамі, транспартам. У бягучым годзе гэтая праца працягнецца».

Яшчэ адным важным напрамкам дзейнасці Андрэй Мартыноўскі назваў развіццё валанцёрства: «Валанцёры - гэта залаты фонд, бясцэнны рэсурс нашай арганізацыі. Гэта людзі, якія бязвыплатна, добраахвотна на рэгулярнай ці перыядычнай аснове ўдзельнічалі ў рабоце нашай арганізацыі. Ніводны наш кірунак, ніводзін наш праект не мог эфектыўна быць рэалізаваны без удзелу валанцёраў. На дадзены момант у нас у вобласці іх больш за 2 тыс. Мы працуем над матывацыяй, прыцягненнем новых валанцёраў, над іх навучаннем па кірунках, і развіваем валанцёрства па медыка-сацыяльнай дапамозе, рэагаванні на НС, ёсць валанцёры, якія актыўна ўдзельнічаюць у навучанні насельніцтва і персаналу. Мы рэалізуем шэраг валанцёрскіх міні-ініцыятыў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця, дапамогу ўразлівым катэгорыям грамадзян і іншых, якія адпавядаюць патрэбнасцям рэгіёну ў вырашэнні сацыяльных пытанняў. Плануем і надалей прадоўжыць работу над умацаваннем арганізацыйнага патэнцыялу Чырвонага Крыжа, стварэннем новых першасных арганізацый».

Дарэчы, як адзначыла спецыяліст па працы з валанцёрамі абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Лізавета Сень, сёння вельмі вялікая колькасць як моладзі, так і людзей сярэдняга і «сярэбранага» ўзросту праяўляюць жаданне ўдзельнічаць у валанцёрстве: «Многія, калі даведаюцца аб дзейнасці нашай арганізацыі, праяўляюць жаданне далучыцца. Мы вядзем шмат праектаў. Адно з нашых яркіх і запатрабаваных – клоунатэрапія. Мы навучаем валанцёраў на трэнінгах і разам з імі наведваем абласную дзіцячую лякарню, рэабілітацыйныя цэнтры. Дапамагаем дзеткам расслабіцца, павесяліцца, адпачыць.

У гэтым годзе мы назіраем вельмі вялікі прырост валанцёраў. Паступае шмат заявак, людзі просяць навучыць іх навыкам аказання першай дапамогі, жадаюць патрапіць у каманду хуткага рэагавання па надзвычайных і крызісных сітуацыях. Людзі шукаюць магчымасць дапамагаць. І гэта радуе».

У сваю чаргу Сяргей Шагун адзначыў, што найбольш знакавай падзеяй у 2023 годзе для Магілёўскай абласной арганізацыі БТЧК стала адкрыццё крызіснага цэнтра, якое дало магчымасць сабраць пад адным дахам усе арганізацыйныя структуры горада Магілёва. А таксама пашырыць спектр паслуг, павысіць іх якасць. Гэта каштавала як фінансавых, так і працоўных, маральных, валявых затрат. Пры гэтым абласная арганізацыя працягвала сваю працу па асноўных стратэгічных кірунках Чырвонага Крыжа. І рабіла гэта не намінальна, а планамерна і рэзультатыўна. Упэўнены, што ўсе тыя задачы, якія пастаўлены на 2024 год - Год якасці, будуць выкананы абласной арганізацыяй у поўным аб'ёме».

Юлія Таранава, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая