RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як будзе выглядаць вёска будучыні? Аляксандр Лукашэнка расказаў пра добраўпарадкаванне вёскі

Аб тым, як будзе выглядаць вёска будучыні, расказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

«Некалі ў савецкі час была добрая практыка - адрасы перадавога вопыту. Прыходзіць моладзь, яна хацела б бачыць, дзе лепш», - нагадаў кіраўнік дзяржавы, наведваючы аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёна.

Прэзідэнт адзначыў, што добраўпарадкаванне аграгарадкоў невыпадкова стала тэмай яго рабочай паездкі – «практычных заняткаў», як ён сказаў. У Беларусі іх амаль паўтары тысячы.

«Што граху таіць, насельніцтва сельскае ў будучым будзе жыць у аграгарадках, працэнтаў на 80-85. Астатняе насельніцтва будзе ў буйных вёсках», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Магчыма, сваё развіццё атрымаюць і некаторыя неперспектыўныя вёскі, але толькі калі будзе цікавасць з боку прыватных асоб.

«Але галоўнае - гэта аграгарадкі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Вось сёння хацелася б паглядзець, як будзе выглядаць вёска будучыні. Мы пішам там розныя кандыдацкія, доктарскія, дысертацыі - сорамна назву чытаць, не тое што глядзець на гэту дысертацыю. Давайце на гэтыя тэмы будзем нешта пісаць, распрацоўваць. Тым больш спецыялістаў у нас дастаткова, якія добра ведаюць, як было, як ёсць і як будзе, гэта значыць, цэлы пласт можна і трэба падняць для разважання і ўжо практыкі».

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў ход сельгасработ у вобласці. Прылятаючы ў рэгіён, Прэзідэнт заўсёды дзеліцца ўбачаным з губернатарамі. «Не магу сказаць, што не працуеш. Работы ідуць. Але баюся, што ты спазняешся. Проста расслабіла нас надвор'е, а яно на наступным тыдні пачне пагаршацца. Трэба паскарацца. Як мінімум у два разы», - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што цяпер найважнейшыя пытанні пры рабоце на зямлі - уборка кукурузы і сяўба азімых. Акрамя таго, трэба прыводзіць у парадак і добраўпарадкоўваць абводненыя землі.

У аграгарадку Вішоў Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу азнаёміўся з пілотным праектам па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў перспектыўных сельскіх населеных пунктах, у тым ліку з прымяненнем цэменту. У час рэалізацыі праекта работы выконваліся па некалькіх метадах: недзе бетон заліваўся на разбураны асфальт, недзе зношанае дарожнае пакрыццё перапрацоўвалася і да яго дадаваўся цэмент. На некаторых вуліцах клалася шырокафарматная бетонная плітка.

«Калі Вішову пашанцавала, то ў нас яшчэ паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе трэба рабіць хаця б цэнтральныя, асноўныя вуліцы. Разумна трэба падыходзіць. Каб людзей затрымаць у вёсцы, ім трэба ствараць умовы», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, усяго ў населеных пунктах Беларусі налічваецца больш за 76,3 тыс. вуліц з плошчай дарожнага пакрыцця 288,2 млн кв.м. Большасць мае асфальтавае пакрыццё. Наступнае па палярнасці пакрыццё - бетоннае. Застаюцца яшчэ вуліцы з пясчана-жвіровым і грунтавым пакрыццём.

«За зіму і вясну дарогі былі практычна разбураны з-за ўмоў надвор'я. Людзі скардзіліся. Была пастаўлена задача прывесці ў парадак. Ніякіх ям. Усё гэта аднавіць. Вы паспяваеце па краіне гэта зрабіць, як абяцалі?» - спытаў Прэзідэнт.

Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак заявіў, што рамонт ідзе паскоранымі тэмпамі з апярэджаннем графіка.

 

Пры развіцці населеных пунктаў і будаўніцтве там новых вуліц або дамоў кіраўнік дзяржавы патрабуе адыходзіць ад бюракратычных перашкод. «Не трэба валакіціць, трэба рабіць хутчэй, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму трэба завяршыць гэту работу і адысці ад гэтых бюракратычных прынцыпаў. Трэба рабіць па-гаспадарску і заўсёды памятаць, што мы можам і вуліцу знесці, і дамы знесці, зрабіць праспект, але гэта вялікія грошы».

«Вось як у прыватных дамах. Прыватнік хоча пабудаваць дом, а мы да яго лезем з рознымі нарматывамі. Хоча ён будаваць - няхай будуе. Ён жа для сябе будуе», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі ва ўладальніка дома ўзнікне неабходнасць звярнуцца да праекціроўшчыкаў або МНС, то ён звернецца і сам, навошта яго скоўваць фармальнымі патрабаваннямі.

У БЕЛАРУСІ ЎДАСКАНАЛЯЦЬ МЕХАНІЗМЫ ПАДТРЫМКІ ДЗЯЦЕЙ У ШМАТДЗЕТНЫХ СЕМ'ЯХ

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая