RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Японскі фальклорны калектыў «Мандзюсяка» выступіць з канцэртамі ў Магілёве і Шклове

У Беларусі 11–16 кастрычніка праходзіць Тыдзень беларускага-японскай дружбы. Мерапрыемства арганізавана па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і пасольства нашай краіны ў Японіі, шэрагу беларускіх міністэрстваў і райвыканкамаў, а таксама Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Белдзяржфілармоніі і беларуска-японскага бізнес-клуба.

У межах Тыдня японскі фальклорны калектыў «Мандзюсяка» разам з беларускімі артыстамі выступіць з канцэртамі ў некалькіх гарадах Беларусі. У нашай вобласці калектыў падорыць сваю творчасць жыхарам Магілёва і Шклова.

У горад на Дняпры госці прыбудуць 13 кастрычніка. Праграмай запланавана сустрэча з прадстаўнікамі Магілёўскага аблвыканкама, супрацоўнікамі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы, а таксама выступленне перад студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова.

На наступны дзень калектыў наведае Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, прагуляецца па аграгарадку Александрыя і ўбачыць Трафімаву крыніцу. Увечары жыхароў раённага цэнтра чакае канцэрт.

Ансамбль «Мандзюсяка» (назва беласнежнай міфічнай кветкі, якая, паводле падання, расце ў раі і выганяе ўсё дрэннае) быў заснаваны ў 1995 годзе. З таго часу актыўна прасоўвае самабытную японскую культуру ў розных краінах і не раз выступаў у Беларусі. У сваіх музычна-тэатральных пастаноўках ансамбль абапіраецца на традыцыі японскага тэатра «Кабукі» (сінтэз спеваў, музыкі, танца і драмы), а таксама тэатра «Но», у якім драма ўвасабляецца пры дапамозе найбагацейшай палітры мастацкіх сродкаў. Характэрна, што ўсе касцюмы і дэкарацыі ўдзельнікі калектыву робяць самі.

Заснавальнік тэатра – Фудзінака Кіёэ (сцэнічны псеўданім Мама Роза). На працягу многіх гадоў яна выступае за сяброўства і культурны абмен паміж Беларуссю і Японіяй. На бязвыплатнай аснове прымае ў сябе беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы.

Дарэчы, гэты год для нашых краін асаблівы: ён адзначаны 35-й гадавінай чарнобыльскай катастрофы і 10-й гадавінай аварыі на АЭС Фукусіма-1. Гэтыя трагедыі цесна звязваюць народы Беларусі і Японіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая